Паэтычны марафон «У вянок Свята беларускага пісьментсва». Людміла Круглік

Людміла Круглік

Францыску Скарыне

Не згадаць жыцця першапраходцы.
І пра лёс нікому невядома.
Мэта ёсць. А там ці снег, ці сонца –
Працаваць без жалю і без стомы.

Шлях такі прайшоў Францыск Скарына
Па дарозе, дзе святло і ліха.
З марай светлай падарыць краінам
Першую патрэбную ўсім кнігу.

Перагортвае, як лісце, вечнасць
Летапіс гісторыі краіны.
Ды заўсёды ў душах чалавечых
Застаецца “Біблія” Скарыны.

З глыбінь векавых

З глыбінь векавых наша родная мова
Гучыць шэптам лесу, рачулак, крыніц.
І з ёй ажывае скарынава слова,
Што мудрасцю вабіць нас з кніжных паліц.
Яго палюбіла яшчэ я з калыскі,
Дзе маці паіла мяне малаком.
Як родны куток, што сардэчнасцю блізкі,
Тут думкі, надзеі, каханне, спакой.

Люблю я зямлю сваю, родную маці
За веды, каханне, напрамак жыцця.
За тое, што цёпла і ўтульна мне ў хаце,
За шчасце і долю, і думак прасцяг.

Два творцы

Паэт і мастак – два творцы,
Гартае талент іх лёс.
Малюе праменьчык сонца
Мастак між белых бяроз.

Паэт намалюе словам
У сонечных промнях гай…
Струмень уражанняў новых
Натхненню шэпча: “ Стварай!”

І вось ужо на мальберце
Без слоў узнікае сюжэт.
Душою сваёй і сэрцам
Чытае яго паэт.

Ляцела думка

Ляцела думка паэта
За птушкамі ў паднябессі,
Спяшалася скласці песню
З апошніх хвілінак лета.

Збірала зерне натхнення
Між жнівеньскіх зарападаў.
З валошак, рамонкаў, мяты
Стварала букет імгненняў.

І восені пазалоту
Па сцежках жыцця шукала,
У мроі сваёй хавала
Пякучы камяк самоты.

Пад гоман дажджу і ветру
Здабыткі агністай верай
Насыпала на паперу,
Як зерне ў зямныя нетры.

За птушкамі ў паднябессі
Ляцела думка паэта,
Каб жнівеньскім ранкам лета
Стварыць з назіранняў песню.

Душа

Душа – таямнічы прытулак,
Дзе мноства пачуццяў жывых,
Знайшлі самы ціхі завулак
Ад позіркаў прагных людскіх.

Жывуць там самота і шчасце,
І горыч нягодаў тваіх,
А часам прарвецца закляццем
Балючы, нястрыманы крык.
Уражанням знойдзецца месца
Заўсёды ў прытулачку тым.
І восень трывожыць мне сэрца,
І казка чароўная зім.

Вясна і дзівоснае лета,
І сінь невялічкай ракі
Блукаюць у думках паэта –
І вось ужо верша радкі.

Айчына

                    Гусі-лебедзі ў лугах зялёных
                                            У. Караткевіч

Гусі-лебедзі ў лугах зялёных
Уздымаюць крылы да нябёс.
Пух іх белы хуткі вецер гоніць,
Па шляхах, што напрарочыў лёс.

Што спазнала на шляху Айчына?
Вогнішчы пажараў і мароз.
Маці аж з вайны шукала сына
Па сцяжынках ля старых бяроз.
Абтрасала пыл гадоў суровых,
З попела ўставалі гарады,
І зямля страчала ранак новы,
Дзе квітнелі веснія сады.

Неўміручай песняй голас продкаў
І надзеі светлыя агні
Па жыцці на хвалях несла лодка
Праз стагоддзяў сцежкі ў нашы дні.

Гусі-лебедзі з лугоў зялёных
Крыллем рассякаюць шыр нябёс.
Да зямлі схіляюся з паклонам,
Каб аддзячыць за шчаслівы лёс.
Уладзіміру Караткевічу

     Радок бяззбройны і бясспрэчны
                                    У. Караткевіч

Тваёй зямлі напеў спрадвечны
Звініць у голасе крыніц,
Радок бяззбройны і бясспрэчны
Кладзецца на бялюткі ліст.

Там боль кахання з жалем страты,
Якую на шляху даў лёс.
Зялёны луг, матулі хата,
Дзе ажывае думак стос,

Аб мове, што цераз пакуты
Прайшла, каб адрадзіцца зноў.
І вера, што парваўшы путы,
Не знікне сярод іншых моў.

А будзе ў голас пры народзе
Крычаць, спрачацца, размаўляць.
Па лузе жораў чынна пройдзе,
І будзе над зямлёй крыляць.

Паэта лёс – гады, сустрэчы,
Вясна ў праменьчыках мімоз.
Радок бяззбройны і бясспрэчны
У кнігі вершаў перарос.
                Аркуш паперы ў руцэ…
                  Максіму Багдановічу

Аркуш паперы ў руцэ, я чытаю…
Першая зорка заззяла з нябёс.
Думкай імкнецца да роднага краю.
Ды на чужыне сцяжынкі і лёс.

Песня тугі і самота расстання
Кроплі надзеі збірае з расы,
Шчасця чакае. Да самага рання…
З літар звівае яна паясы.

Мроя блукае па золаце жыта,
Кветкі-валошкі, як водбліск душы.
І, нібы зорка, радок самавіты
Кропляй празрыстай узнікне ў цішы.

Стане алмазам яна на паперы,
Злучыць мелодыі гукаў і слоў:
Колькі пяшчоты, кахання і веры
Думкай ляцяць да краіны буслоў.

Я да пяшчоты тае прытулюся,
І адшукаю паэта сляды.
Ззяе заранка над Беларуссю
Песняй дзівоснай красы праз гады.

Чаравала ночка
                   памяці Я. Купалы

Чаравала купальская ночка
Зоркі ціха ў нябёсах плылі.
Нарадзіла матуля сыночка,
Каб у шчасці ён жыў на зямлі.

Ды, якая сялянская доля –
Па жыцці на паноў працаваць…
Пастушок гоніць статак у поле –
Трэба грошы сям’і здабываць.

Як прысядзе хлапчук у зацішку,
Толькі крышку калі, адпачыць.
Дастае з торбы азбукі кніжку,
Будзе літары з ёю вучыць.

Марыў ён, каб калі-небудзь волю,
Атрымалі бацькі і сусед…
Дачакаўся, шчаслівая доля –
Ён жа Свету вядомы паэт.

Ноч купальская зоркі люляла.
Нарадзіўся ў матулі сынок.
Кожны ведае Янку Купалу,
Яго вершаў яскравы радок.
Маладым

Паэта шлях – яго дарога.
То лашчыць лёс, то камяні.
Нясе рака цераз парогі
Да разумення глыбіні

Таго, што адчувае сэрца,
Каб потым утварыць радок,
Чакаць, калі ён знойдзе месца
Сярод людзей, між іх дарог…

Калі ж пасябравалі з Музай,
Майстэрства трэба гадаваць.
Парады, крытыку хаўруса
Без крыўды і тугі ўспрымаць .

Вам, маладым, па сцежках многа
Ісці за марай аж да зор.
Якою б ні была дарога –
Натхненне тчэ радкам убор.

Пішыце вершы з асалодай,
З надзеяй класікамі стаць,
Кахайце, з верай майце згоду.
Вучыціся душой пісаць.

Родная мова

З гукаў чароўных сплецена мова:
З лесам крынічка ладзіць размову,
Шэпчацца лісце дуба старога…
Родная мова – матчына слова.

Вецер спявае голасам нівы,
Рэхам вясковай працы руплівай.
З ёй Купалінка стрэне світанне,
Зорка Вянера злучыць каханне.

З ёю Скарына, Купала і Колас –
Чуем спрадвеку мужны іх голас.
Родная мова , як тая жывіца:
Чароўнымі гукамі – не наталіцца.