Паэтычны марафон «У вянок свята беларускага пісьменства». Ганна Міклашэвіч

Ганна МІКЛАШЭВІЧ

Прызнанне
Калі душа у горадзе параніцца
Бязмерным шумам і звычайнай мітуснёй,
Вясковая душу ратуе раніца,
Прыносіць і збавенне , і спакой…

Духмяны сад мяне сустрэне ветліва,
Дзяўчынкай прабягуся басанож.
Мая Радзіма, шчырая і светлая,
Усё тут радуе: вясёлка, хмаркі, дождж…

Птушыны шчэбет гаманлівы, радасны
Душы абудзіць тонкую струну,
Жыццё напоўніцца расфарбаванай радасцю,
Бо тут сустрэну маму і радню…

І кубак кавы пад раскошнай вішняю
З сястрою з асалодай падзялю…
Удзячна шчыра і Сусвету,і Усявышняму
За родны дом, за родную зямлю…

***
Я нясу у сусвет сваю мову,
Каб гучала і смела , і нова,
Каб нашчадкі мае беларусы
Вывучалі яе без прымусу.

Каб Радзіма мая расцвітала,
Цеплынёй і спагадай вітала,
Сакавітасцю роднага слова,
Шчодрым людам сваім адмысловым.

І для шчасця мне многа не трэба:
Хай блакітам натхняецца неба,
Хай спявае світальнае сонца,
Беларусь прыгажэе бясконца!

Творцу
                                  У.І. Вітко
Случанская зямля на таленты багата…
Вітаем і віншуем земляка.
Сягоння мы пяём у яго гонар. Свята!
Мы славім чалавека, творцу, мастака.

Мастак кранае тонкай прыгажосцю,
На крылах мы ляцім ў яго сусвет.
У краіне фарбаў мы сягоння госці,
Адценняў, колераў нас вабіць яркі свет.

У цуд, у шчасце, у жыццё даў веру
Наш паважаны знакаміты госць.
Нам глыбіню душы сваёй даверыў
І паказаў Радзімы прыгажосць.

Яна ў блакіце неба, у зямлі,
Што ўзгадавала пышныя пакосы,
У свежай заспакоенай раллі,
У дыяментах крышталёвых росаў.

У спеве ветру, пошуме бяроз,
У салаўінай песні галасістай,
У шчырасці гарачых родных слёз,
У дабрыні наіўнай, светлай, чыстай.

У каханні вольным, песні маладой,
У любові да жыцця і да сусвету,
У душы, напоўненай святой вадой,
У сэрцы, шчодрасцю зямной сагрэтым.

Паклон жа шчыры таленту і працы,
Вялікі дзякуй за святло і цуды,
На земляка стараемся раўняцца,
Нашчадкі Вас ніколі не забудуць.

* * *
Куток бацькоўскі… Родная зямля
У пошуме вячыстых стромкіх соснаў!
Я да цябе прыехала здалля,
Каб прытуліцца па-дзіцячы проста.

Блакітам поўняць сэрца васількі –
Так тата на мяне глядзеў ласкава.
Нібыта дотык роднае рукі,
Пяшчоцяць валасы густыя травы.

Спявае гімн спатканню салавей –
Начной парою мой адзіны дружа.
Бацькоўскі кут – святло мaix надзей,
Дзявочых сноў расквечаная ружа.