Янка Галубовіч
Галубовіч Іван Іванавіч (1942 – 2014)
Нарадзіўся ў вёсцы Пранчэйкава Маладзечанскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў трактарыстам у калгасе, па камсамольскай пуцёўцы паехаў на цаліну (Казахстан). Пасля тэрміновай службы ў арміі, працаваў у горадзе Рубцоўск (Расія) на трактарным заводзе. Вярнуўшыся ў Беларусь, скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт. Займаў розныя пасады ў савецкіх і дзяржаўных установах г. Маладзечна, рабіў інжынерам на заводзе «Электрамодуль».
Празаік, публіцыст. Аўтар зборнікаў прозы “Пастарайся стаць чалавекам”: апавяданні, абразкі (1993), “Зязюля дзетак шукала”: апавяданні, казкі (1994), “У бары на світанку” (1995), “Янотавы абяцанкі”: апавяданні, казкі (2001), “Чаму мядзведзь бярозавіка не любіць”: казкі, апавяданні (2001), “Ад студзеня да студзеня”: каляндар прыроды, нарысы, апавяданні, абразкі (2003), “Вяселля не будзе”: дэтэктыўныя апавяданні (2003), “Сляды вялі ад Дзявочай горкі”: дэтэктыўныя аповесці (2004), “Стрэл за дзвярыма”: дэтэктыўная аповесць (2004), “Пяюць жаваранкі”: апавяданні (2005), “Дзівосы роднай прыроды”: апавяданні і казкі для дзяцей (2012), “Хто рукавічку згубіў”: апавяданні, казкі (2012).
Урыўкі з яго твораў былі ўключаны ў школьныя падручнікі па беларускай мове для 2, 3, 4 класаў. Змешчаны яны і ў “Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы”.