Васіль Гурскі
Гурскі Васіль Рыгоравіч нарадзіўся 11 лістапада 1922 года ў вёсцы Замосце Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся ў Прусінаўскай пачатковай школе, а пасля ў Магільнянскай сямігодцы, якую скончыў у 1937 г. Год працаваў пісьманосцам. У 1938 г. паступіў у Мінскі педтэхнікум, які скончыў у 1941 г.
У час вайны два гады знаходзіўся ў партызанах (атрад імя Чапаева брыгада № 27 імя Чапаева), пасля памочнікам камісара атрада імя Дунаева гэтай жа брыгады. У кастрычнiку 42-га года ў атрадзе iмя Чапаева налiчвалася каля 500 чалавек, з iх каля 300 – хлопцы i дзяўчаты 17—20 гадоў. Ужо тады пачалi праяўляцца лiтаратурныя схiльнасцi Васіля Рыгоравіча. I сам ён, i сябры не аднойчы карысталiся ў агiтацыйных гутарках яго дасцiпнымi жартамi, вершаванкамi. У нечым яны нагадвалi заклiкi Я. Купалы, К. Крапiвы, з творамi якiх партызаны ўжо былi знаёмы, уздымалi настрой, веру ў перамогу.
Са жніўня 1944 г. – загадчык Міколкаўскай пачатковай школы Уздзенскага раёна. З 30 лістапада 1944 г. да лістапада 1945 г. – у Чырвонай Арміі, на 4-м Украінскім фронце, удзельнічаў у баях у Венгрыі. У лістападзе 1945 г. дэмабілізаваўся з войска. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені і дзесяццю медалямі.
Большая частка жыцця В. Гурскага аддадзена школе: працаваў загадчыкам Ракашыцкай, Прусінаўскай і Ніўскай школ, а з 1953 г. – настаўнік Стальбоўскай школы да выхаду на пенсію (1982 г.). У 1958 г. скончыў завочна Мінскі педінстытут імя Горкага.
Друкавацца пачаў з 1953 г. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1997 г. Аўтар 26 кніг і паэтычных зборнікаў. Адна з галоўных накірункаў творчасці – апавяданні пра людзей, якія праявілі мужнасць у барацьбе супраць фашыстаў. Гэтаму прысвечаны яго шырокавядомыя кнігі «Ля вытокаў Нёмана», «Хмары над Міншчынай», «Пушчы і дубровы славай шумяць», «На капыльскіх пагорках» і іншыя. У 2011 годзе выйшла кніга “Няскораны генерал”, прысвечаная герою Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыю Карбышаву, які ў пачатку вайны пры адступленні некалькі дзён правёў у вёсцы Нізок Капыльскагараёна, пазней трапіў у палон і быў па-зверску закатаваны фашыстамі.
Лаўрэат Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі “Дзіцячая і падлеткавая літаратура”, узнагароджаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.
Памёр 10 мая 2015 года.