Галіна Васілеўская
Васілеўская Галіна Ануфрыеўна нарадзілася 15 студзеня 1927 года ў гарадскім пасёлку Клічаў. У 1932 годзе сям’я пераехала ў Мінск.
Да вайны скончыла шэсць класаў сярэдняй школы. Пасля вайны экстэрнам здала экзамены за дзесяцігодку (1945). У 1950 годзе скончыла аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ.
Працавала радыёжурналістам (1950 – 1953), літаратурным супрацоўнікам часопіса «Сельская гаспадарка Беларусі» (1953 – 1959), рэдактарам аддзела часопіса «Работніца і сялянка» (1959 – 1977), рэдактарам аддзела нарыса (1977 – 1979), адказным сакратаром часопіса «Полымя» (1979 – 1982), дырэктарам бюро прапаганды мастацкай літаратуры (1982 – 1988).
Літаратурнай працай займалася з 1953 г. Пісала нарысы, артыкулы. У 1959 г. апублікавала першае апавяданне “Блакітныя канверты”.
Выдала кнігі «Маланка ўначы» (1963), «Малюнак на снезе» (1969), «Я еду на вярблюдзе» (1970), «Бывай, Грушаўка!» (1979), «Юныя назаўсёды» (1983), «Выбранае: аповесці і апавяданні» (1986), «Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага» (1987), «Што помніцца: Аповесць пра дзяцінства В. Харужай» (1991), «Іх было чацвёра: аповесць, апавяданні» (2013).
Узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Памерла 6 кастрычніка 2017 года.