Голас, які пачуюць
Літаратура маладых: талент, смеласць, апантанасць, індывідуальнасць
Што сёння хвалюе маладога аўтара? Як яму не заблукаць, не згубіцца ў лабірынтах сучаснага літаратурнага працэсу? Пра што і як пісаць, каб зацікавіць чытача і ўрэшце быць пачутым?
На гэтым засяродзіліся ўдзельнікі І Міжнароднага семінара маладых літаратараў Беларусі і Расіі, што прайшоў у межах міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час: пераемнасць і традыцыя».
У нашай краіне шмат увагі надаецца кнігавыданню, асабліва працы ў гэтым кірунку з маладымі літаратарамі. Прыкладам, летась у айчынным выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік паэтычных і празаічных твораў сучасных маладых аўтараў «Мой дзень пачынаецца». Пра гэта распавёў першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі. На думку Ігара Уладзіміравіча, слова пісьменніка — той арыенцір, на якім трэба вучыць і выхоўваць пакаленні юных.
Пісьменніку неабходна ўмець своечасова рэагаваць на самыя праблемныя пытанні рэчаіснасці, падкрэсліў падчас семінара старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. А як рэагаваць? Цікавыя ідэі часцяком прапануюць самі маладыя літаратары — падчас прэзентацый кніг, творчых сустрэч, конкурсаў. Так і выяўляюцца таленавітыя аўтары-пачаткоўцы, а старэйшыя калегі па пяры дапамагаюць ім арыентавацца ў вялікім свеце прыгожага пісьменства.
Удзельнікі І Міжнароднага семінара маладых літаратараў Беларусі і Расіі: пісьменніца, рэдактар аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва» Яна Явіч, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник» Аляксандр Казінцаў і галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Дзянісава.
— За апошнія гады ў СПБ прынята 11 маладых аўтараў. Хай яны пакуль і не стварылі вялікіх кніг, але заўважна, што хочуць служыць літаратуры, — дадаў Мікалай Іванавіч.
Пісьменнік павінен найперш стаць асобай. Такую думку выказаў доктар філалагічных навук, прафесар, член СПБ Анатоль Андрэеў. І вось тут задумваешся: а што значыць стаць асобай? Атрымліваецца, недастаткова проста пісаць і публікавацца — трэба яшчэ і расці. Расці маральна, з кожным крокам пераадольваючы новую прыступку на шляху духоўнага сталення, творчай самаадукацыі. Так, можна ўспрымаць тэкст як сукупнасць розных літаратурных тэхнік. Але ж цікавей — і нашмат цікавей! — прыдумаць уласную.
І яшчэ: да чытача дапамогуць «дастукацца» прадстаўнікі старэйшага пакалення. Бо хто найлепш за дасведчанага пісьменніка падкажа, сарыентуе, у рэшце рэшт! Сацыяльныя сеткі ў гэтым сэнсе далёка не ўсемагутныя, ды і глыбіні чытання-ўспрымання-разумення твораў ад іх не дачакаешся. Так што маладая расійская пісьменніца Алена Тулушава мае рацыю. І разам з тым маладому аўтару не зашкодзіць эпатаж, смеласць — бо як жа ўключыцца ў літаратурны працэс, калі застаешся ў цені?..
— Для маладога літаратара вельмі важна знайсці свайго чытача, — падкрэсліў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. — Але пры гэтым захаваць сваё аблічча, застацца самім сабою.
— Не думайце пра род літаратуры, пра тое, ці нон-фікшн гэта, ці публіцыстыка, ці белетрыстыка, — параіў удзельнікам семінара намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник» Аляксандр Казінцаў. — Пішыце таленавіта, пішыце на максімуме майстэрства, якое вам дадзена!
Вучыцца ў аднагодкаў — вось што самае галоўнае для маладога творцы, упэўнены А. Казінцаў. Ды не толькі вучыцца, але і спрачацца, спаборнічаць між сабою. Для таго і ладзяцца розныя спаборніцтвы маладых літаратараў! Якраз падчас семінара абвешчаны новы конкурс, заснаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і арганізаваны выдавецтвам «Мастацкая літаратура» ды Выдавецкім домам «Звязда» для аўтараў ва ўзросце 18 — 30 гадоў.
Крэатыўны палілог пашырыўся на пленарным пасяджэнні сімпозіума «Пісьменнік і час: пераемнасць і традыцыя».
— У прывітальным слове Кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і сімпозіума літаратараў гаворыцца, што форум «будзе садзейнічаць папулярызацыі якасных і змястоўных літаратурных твораў, прапагандзе кнігі ў маладзёжным асяроддзі, наладжванню ўзаемавыгадных кантактаў і развіццю міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва». І вельмі важна, што маладыя таленты атрымалі магчымасць актуалізаваць творчы і жыццёвы досвед у фармаце жывых творчых стасункаў з вядомымі аўтарамі, — зазначыла міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.
Дык што ж рабіць маладому творцу, ды і не толькі маладому, каб яго голас пачулі?.. Успамінаецца вядомая прытча пра дзвюх жабак, якія трапілі ў збан з малаком: адна пайшла на дно, а другая працавала-працавала лапкамі і ў рэшце рэшт з малака зрабіла масла. Выснова: калі не хочаш патануць у бяскрайнім моры літаратуры, якое поўніцца ўсё новымі і новымі хвалямі, важна пастаянна самаўдасканальвацца, дзень пры дні працуючы над сабою, каб не страціць індывідуальнасці і захаваць уласную мастацкую прастору — тут і цяпер!
Яна ЯВІЧ
Фота Яўгена Пясецкага