В Издательском доме «Звязда» Виктор Кажуро и его внучка прочитали свои стихи

У неверагодным падарожжы па захапляльным свеце дзіцячых вершаў і казак пабывалі нядаўна вучні сталічных гімназій №№ 14 і 23. І дапамаглі ім у гэтым ААТ «Белкніга» і РВУ «Выдавецкі дом «Звязда». У рамках рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне» праходзіў кніжны марафон «Калядная казка», падчас якога дзеці сустрэліся з аўтарамі цудоўных дзіцячы твораў Анатолем Зэкавым, Галінай Пшонік, Віктарам Кажурам, Янай Явіч.
– Сустрэча была вельмі цікавай, – падзяліўся ўражаннямі адзін з аўтараў дзіцячых кніжак віляйчанін Віктар Кажура. – Была такая цёплая атмасфера, калі не толькі бачыш вочы адно аднаго, але і адчуваеш настрой, думкі таго, хто побач. Прыемна ўразіла выдатнае валоданне юнымі гімназістамі роднай мовай. А яшчэ – культура іх паводзін. Я пастараўся ўнесці ў сваё выступленне больш гульнёвых элементаў, і гэта дзецям вельмі спадабалася. Мы разам чыталі калыханкі і каляровыя вершы, разгадвалі крыжаванкі. Вельмі прыязна сустрэлі гледачы маю юную памочніцу– унучачку Ангелінку. Яно і зразумела – дзецям з дзіцем весялей і больш зразумела. Ангеліна чытала ім і мае вершы, і свае ўласныя вершыкі пра сябе і браціка Цімошку…
Госці святочнага мерапрыемства набылі кнігі для дзяцей з аўтографамі аўтараў. А яшчэ актыўных удзельнікаў кніжнага марафона чакалі прыемныя падарункі ад РВУ «Выдавецкі дом «Звязда».

Ірына БУДЗЬКО

http://www.peramoga.by/themes/45914/

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.