“Франтавік, настаўнік, паэт”

Так называлася літаратурна-пазнавальная сустрэча, якую ладзіла для вучняў 7-8 класаў СШ №2 г.Валожына народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Валожынскага раёна” сумесна з супрацоўнікамі раённай бібліятэкі, дзе і праходзіла мерапрыемства. А прысвечана была гэтая сустрэча 90-годдзю з дня нараджэння таленавітага паэта, прыгожага, мудрага неардынарнага чалавека – Уладзіміра Данілавіча Градоўкіна. Хоць нарадзіўся ён на Віцебшчыне, у вёсцы Мазурына Шумілінскага раёна, але мы па-праву лічым яго сваім земляком. Бо з 1955 года, пасля заканчэння філалагічнага факультэта Ленінградскага ўніверсітэта, і да канца сваіх дзён (пайшоў з жыцця 2 верасня 1998 года) Уладзімір Градоўкін жыў на Валожыншчыне, у Івянцы. Да пенсіі выкладаў рускую мову і літаратуру ў Івянецкай сярэдняй школе.

SAMSUNG DIGITAL CAMERA

     Гэта чалавек нялёгкага ваеннага лёсу і, разам з тым,  надзвычай багатай і чуйнай душы. 17-гадовым юнаком, у складзе 1-га, а затым 2-га Беларускіх франтоў ён ужо ратаваў Радзіму і ўсю Еўропу ад фашысцкай навалы. Толькі ў 50-м годзе зняў салдацкі шынель. Яго літаратурным настаўнікам стаў вядомы паэт Марк Лісянскі, з якім Уладзімір Градоўкім сустрэўся у час работы ў рэдакцыі газеты Паўночнай групы войск.

     Ён жыў паэзіяй. Друкаваўся ў армейскіх газетах, часопісе “Нёман”, штогодніку “Дзень паэзіі”… Аўтар трох паэтычных зборнікаў, якія выйшлі ў свой час у выдавецтве “Мастацкая літаратура”: “Сквозь годы” (1976), “Неторопливые рассветы” (1978), “Разнотравье” (1984).

SAM_2320

Вучні пазнаёміліся з глыбокай, шматтэмнай творчасцю Уладзіміра Градоўкіна, не толькі зацікаўлена слухалі, але і самі  чыталі яго вершы,  адкрываючы новае і непаўторнае праз яго лірызм у апісанні прыроды, трагізм у адлюстраванні вайны, філасофскі роздум аб будучыні.SAM_2317

     Сваімі думкамі-ўспамінамі пра Уладзіміра Данілавіча падзялілася яго былая калега па настаўніцтву, удзельніца “Руні”, член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шакун.  SAMSUNG DIGITAL CAMERA

    А паэт, з партрэта, азоранага свечкай памяці, глядзеў на  юнае пакаленне і на ўсіх прысутных  лёгкім прыжмурам сваіх мудрых вачэй, нібыта сам быў тут, сярод нас… І верылася, што душа Уладзіміра Данілавіча была ў гэты час усцешана: яго памятаюць, яго паэзія патрэбна і сёння – асвячае, навучае, хвалюе.

                                                                      Валянціна Гіруць-Русакевіч,

                                                             кіраўнік народнага літаратурна-

                                                             мастацкага аб’яднання “Рунь”