Культурны ракурс

Ці бачылі вы калі-небудзь помнік хаце? І не проста хаце, а хаце-прывіду. Недалёка ад горада Вілейкі Мінскай вобласці такі помнік ёсць. Ён з’яўляецца часткай Мемарыяла зніклым вёскам, які быў створаны мясцовым скульптарам Анатолем Капцюгом і адкрыты летам 2009 года.

За 70 гадоў на Вілейшчыне не стала 253 населеных пунктаў. Адны былі знішчаны ў часы Вялікай Айчыннай вайны і не аднавіліся, другія страцілі назвы і былі далучаны да іншых вёсак сельсавета, іншыя затапілі, калі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя запускалі Вілейскае вадасховішча.

На шаснаццаці асобных помніках-камянях пералічаны назвы былых паселішчаў. А на цэнтральным помніку напоўненыя самотай словы прымушаюць задумацца кожнага з наведвальнікаў: «Прыпыніся, вандроўнік! Дакраніся рукой і сэрцам да гэтых камянёў, і няхай душа твая напоўніцца любоўю да роднай вёскі, роднай сядзібы і хаты, якія знёс няўмольным подыхам бязлітасны час…»

Але найбольш уражвае хата-прывід. Уявіце: едзеш па аўтамабільнай дарозе, а на ўскрайку лесу скрозь галіны дрэў раптам праглядае вясковая хата. Пад’язджаеш бліжэй і бачыш, што гэта не хата зусім, а проста яе абрысы. Абрысы, якія, нягледзячы на няўмольнасць часу, усё ж засталіся. Засталіся ў гэтым своеасаблівым мемарыяле… У свядомасці землякоў… У Вечнасці…

2016-02-01 14-45-40 Скриншот экрана

Аксана ЯРАШОНАК

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2016/01/3-2016.pdf

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.