Фёдар Гурыновіч
Гурыновіч Фёдар Фёдаравіч нарадзіўся 15 верасня 1950 года ў вёсцы Крывічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Пасля дзесяцігодкі паступіў на вучобу ў Салігорскі горна-хімічны тэхнікум, але быў прызваны ў армію. Падчас вайсковай службы змясціў першую падборку сваіх вершаў у газеце “Балтийский луч” горада Ламаносава Ленінградскай вобласці.
Пасля звальнення ў запас працаваў цесляром, інструктарам па фізкультуры і спорту Старобінскага будаўнічага ўпраўлення, слесарам-зборшчыкам Мінскага электратэхнічнага завода. У 1975 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі. Працаваў карэспандэнтам салігорскай раённай газеты “Шахцёр”. Амаль 30 гадоў аддаў яшчэ аднаму перыядычнаму выданню – газеце салігорскіх гарнякоў “Калійшчык Салігорска” у якасці карэспандэнта, адказнага сакратара і галоўнага рэдактара.
Першы вершаваны зборнік “Хлеб і соль” убачыў свет у 1980 годзе. Цёплыя словы тады ў адрас маладога паэта выказалі Пімен Панчанка, Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін, які, дарэчы, і рэдагаваў гэты твор. У Саюз пісьменнікаў СССР Ф. Гурыновіч уступіў у 1991 годзе. Па сённяшні дзень з друку выйшла больш за трыццаць зборнікаў паэзіі і прозы, у тым ліку сем кніжак для дзяцей. У 1998 годзе кніга “Птушыная азбука” была адзначана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Маўра, а ў 2011 на Рэспубліканскім літаратурным конкурсе зборнік выбраных вершаў “Застаецца вера” прызнаны лепшай кнігай 2010 года. Кампазітары Эдуард Зарыцкі, Кім Цесакоў і Генадзь Сіўцоў напісалі песні на словы вершаў паэта. Ф. Гурыновіч з’яўляецца аўтарам гімна шахцёраў ААТ “Беларуськалій” і марша футбольнага клуба “Шахцёр”.
За літаратурную і грамадска-палітычную дзейнасць, выхаваўчую работу сярод школьнікаў і моладзі Фёдар Гурыновіч двойчы узнагароджваўся Ганаровымі граматамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага Камітэта нафты і хіміі, Дзяржаўнай інспекцыі па ахове прыроды пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, неаднаразова – граматамі Салігорскага райвыканкама, ААТ “Беларуськалій”.
З’яўляецца ганаровым грамадзянінам горада Салігорска, заслужаным ветэранам ААТ “Беларуськалій”.