Святлана Быкава

Быкава Святлана Анатольеўна – паэтэса, дзіцячая пісьменніца, перакладчыца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.
Нарадзілася 5 лютага 1962 года ў горадзе Заслаўі Мінскай вобласці, дзе пражывае і зараз. Мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Скончыла Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя У.В. Куйбышава. Працавала на прадпрыемствах і ва ўстановах горада Заслаўя на пасадах, звязаных з эканамічнай дзейнасцю. З 2017 па 2022 год займала пасаду старшыні Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Аўтар больш за дваццаць аўтарскіх літаратурных выданняў, у тым ліку дванадцаці кніг паэзіі і дзесяці кніг для дзяцей і сямейнага чытання: “Откровение позднего лета” (2010), “Дорога к себе” (2011), “Из руки выпускаю синицу…”, “С чистого листа” (2013), “История одной снежинки” (2014), “Адлюстраванне”, “Осенняя палитра”, “О чём молчат Утёсы” (2015), “Веру вясне!” (2016), “Два вида из одного окна” (2017), “На перекрёстке миров”, “Капельки” (2018), “Пад небам Рагнеды” (2019), “Мечты сбываются, или космические приключения Тёмы и SOULарика, “Добрые истории”, “Мельница жизни” (2020), “Мастак-чарадзей” (2022).
Першая публікацыя з вершамі С. Быкавай з’явілася ў 2008 годзе ў раённай газеце “Прысталічча”, пасля геаграфія яе твораў пашырылася і на рэспубліканскія літаратурныя часопісы і газеты. Некаторыя яе творы ўключаны ў школьныя падручнікі (“Родная мова для 3-га класа”), у дапаможнік для настаўнікаў, а таксама ў дапаможнік па беларускай мове і літаратуры 7-га класа для вучняў з асаблівасцямі развіцця.
Творчасць Святланы Быкавай перасягнула межы Рэспублікі Беларусь. Часопісы “Харызонт” (Сербія), “Настарин” (Узбекістан), “Берега”, “Александр” (Расія), “Доля”, “Долька” (Рэспубліка Крым) апошнім часам узбагацілі свае старонкі вершамі беларускай паэтэсы. Кнігу для дзяцей “Солнечный зайчик” (“Сунчев зечич”) выдалі ў Сербіі (2020), іх змясцілі і ў Сусветнай анталогіі “Atunis-Galaxy-Anthology-2019” (Албанія). У 2022 годзе ва Узбекістане (г. Ташкент) выйшла кніга з білінгвічным зместам перакладаў яе вершаў на узбекскую мову (“Уulduzlarning shivirlashi / Шёпот звёзд”).
Яна актыўна займаецца перакладамі на беларускую мову твораў паэтаў Расіі, Пакістана, Германіі, Славакіі, Узбекістана, Башкірыі, Кіргізіі. Вершы замежнікаў у яе перакладзе на беларускую мову друкаваліся на старонках беларускіх перакладчаскіх альманахаў “Далягляды-2020”, “Далягляды-2021”, часопіса “Полымя”, на прасторах беларускага рэспубліканскага літаратурнага сайта “Сугучча”, на сайце Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Акрамя таго, С. Быкава з’яўляецца суаўтарам каля трыццаці калектыўных літаратурных зборнікаў, міжнародных паэтычных альманахаў і анталогій.
Выдадзены кнігі перакладаў аўтара іншамоўных паэтаў на беларускую мову: “Ради умножения любви”/ “Дзеля памнажэння любові” (пераклад на рускую мову вершаў паэтаў Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Крым, выдавецтва “Доля”, г. Сімферопаль, 2020) і “Стрыножаны вецер” (пераклад з узбекскай мовы вершаў і прозы ўзбекскай пісьменніцы Хасіят Рустам, г. Мінск, 2021).
Па месцы жыхарства ў горадзе Заслаўі С. Быкава вядзе актыўную працу з дзецьмі, якія спрабуюць свае сілы ў вершаскладанні і прозе. Шмат гадоў яна з’яўлялася спачатку кіраўніком, а цяпер – куратар літаратурнага аб’яднання “Ізяслаўцы”, якое працуе пры Заслаўскай гімназіі. За перыяд з 2015-га па 2019 гады Святлана Быкава ўклала і выдала 3 калектыўныя агульнагарадскія зборнікі літаратурнай і выяўленчай творчасці юных талентаў горада Заслаўя (“Струмені Заслаўскай крынічкі” (2016), “Нашчадкі Рагнеды” (2017), “Зорны россып” (2019)).
Высокі ўзровень творчасці Святланы Быкавай падцвярджаецца і запрашэннямі на міжнародныя фестывалі. У 2018 годзе яна стала ўдзельнікам Міжнароднага фестывалю паэтаў і перакладчыкаў у Апольскім ваяводстве (Польшча), у 2019-м – Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Стэпавая ліра” у Краснадарскім краі (Расія); з’яўляецца членам журы Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Интеллигентный сезон” (Крым), была ўдзельнікам Міжнароднага фестывалю славянскай паэзіі “Поющие письмена” (г. Масква, 2022 год).
Неаднаразова творчасць С. Быкавай адзначалася перамогамі ў літаратурных конкурсах. У 2014 годзе яна стала лаўрэатам Беларускага Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ў галіне паэзіі “Лепшы твор 2013 года”, у 2015 годзе – лаўрэатам прэміі імя Максіма Багдановіча Мінскага аблвыканкама, лаўрэатам Міжнароднага конкурсу “Сузор’е духоўнасці” (Украіна, у 2018 годзе ў намінацыі “Паэзія”, у 2020 – у намінацыі “Літаратурны пераклад”).
У 2016 годзе Саюз пісьменнікаў Беларусі узнагародзіў яе медалём “За вялікі ўклад у літаратуру”, 2019 год стаў годам прызнання высокага ўзроўню яе творчасці ў Міжнародным конкурсе “Campionatul European de Poezie” (Румынія). У 2018 годзе Святлане Быкавай прысвоена званне “Жанчына года – 2017” Мінскай вобласці ў намінацыі “Культура і духоўнасць”. Яна таксама ўзнагароджана Ганаровай граматай грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы (2020), граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквы. У 2020 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы, у 2022 годзе – Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У 2021 годзе за дасягненні ў творчай і грамадскай дзейнасці ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.