Цуды адбываюцца!
Свята Божага Нараджэння – адно з самых светлых святаў. Яго з радасцю чакаюць і дзеці, і дарослыя. Гэты дзень атаясамляецца з чаканнем цудаў. А здзейсніць цуд можа кожны, хто захоча падарыць радасць іншым людзям. Вельмі патрэбная, важная і ўжо традыцыйная акцыя “Цуды на Каляды» заклікае менавіта да гэтай высакароднай місіі, далучылася да якой і Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Адна з удзельніц дабрачыннай акцыі – Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Пісьменніца вырашыла парадаваць тых, хто побач. Разам з актывістамі БРПА і БРСМ Ждановіцкай сярэдняй школы Кацярына Станіславаўна падрыхтавала і правяла навагоднія ранішнікі і вечарынкі для ўсіх навучэнцаў, а пасля святочных мерапрыемстваў дзяцям-інвалідам, дзяцям, якія выхоўваюцца ў шматдзетных і малазабяспечаных сем’ях былі ўручаны салодкія падарункі ад Ждановіцкай сярэдняй школы. Уручалі падарункі Дзед Мароз і Снягурачка, што таксама парадавала хлопчыкаў і дзяўчынак, дапамагло стварыць атмасферу свята, паверыць у цуды. А той, хто дапамагаў гэтым цудам адбывацца, хто дарыў дзецям радасць і добры настрой, адчуў сябе па-сапраўднаму шчаслівым.
Паліна Несцяронак,
клуб юнага журналіста “ЛІМОН”
Ждановіцкай сярэдняй школы
На здымках:
фота 1 – акцёры – школьнікі-актывісты і педагог К.С. Хадасевіч-Лісавая,
фота 2 – дадаткам да цукерак сталі казкі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.