«Акадэмкніга» запрашае на сустрэчу з Мікалаем Чаргінцом

«Акадэмкніга» запрашае на сустрэчу з Мікалаем Чаргінцом

Сталічная «Акадэмкніга», размешчаная ў цэнтры горада па праспекце Незалежнасці, ладзіць прэзентацыі навінак ледзьве не штодня. 29 мая а 18-й гадзіне ў прэстыжную кнігарню завітае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь празаік Мікалай Чаргінец.

Мікалай Іванавіч раскажа пра новыя выданні сваіх даўно знаёмых чытачу твораў, а таксама прадставіць раманы, што выйшлі ў апошні час. Усе гэтыя кнігі можна будзе набыць у кнігарні і, зразумела, атрымаць аўтограф. Запрашаючы чытачоў на сустрэчу са знакамітым пісьменнікам, арганізатары падкрэсліваюць, што размова ў час яе будзе надзвычай цікавай. Мікалай Іванавіч паабяцаў распавесці не толькі пра ўласныя творы, але збіраецца пагаварыць і пра сучасны літаратурны працэс, і выкласці свае погляды на многія з’явы ў сённяшнім жыцці.

Нагадаем, што творчасць Мікалая Чаргінца адзначана самымі прэстыжнымі прэміямі як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі. Пісьменнік – лаўрэат Прэміі «Зоркі Садружнасці», міжнародных літаратурных прэмій імя А. Фадзеева і В. Пікуля, іншых высокіх адзнак.

Мікола Берлеж

Крыніца: Літ. партал “Созвучие”

Фота: sputnik.by