А.Стэльмах. Дуб і Крумкач

Прага жыцця

«Як толькі крамяны маладзічок дагледзеў апошні сон, соладка пазяхнуў, пацягнуўся — у празрыстым блакіце маладога неба ўзнік сілуэт крумкача. Ён павольна апісваў круг у адным канцы вёскі, чапляў нябачную пятлю ў другім. Дык хіба гэта дзіва? У любым селішчы малая авіяцыя шчыруе зранку да цямна…»

Так пачынаецца казка Алены Стэльмах «Дуб і крумкач». Кніга пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Толькі прыйшла, прыляцела з друкарні. І, канечне ж, усё ў яе наперадзе. Чытач яшчэ вырашыць, наколькі твор яму даспадобы. Будуць розныя водгукі, розны характар прачытання і ўсведамлення. Так, усё наперадзе… Тым больш, што, нягледзячы на частыя выступленні ў друку, літаратурна-мастацкіх выданнях, удзел у розных калектыўных зборніках, «Дуб і крумкач» — першая арыгінальная кніга Алены Стэльмах.

А што ж сёння?.. Пра што хацелася б пагаварыць зараз, пасля першага прачытання? Казка з простым сюжэтам, з фабулай, якая падаецца не дужа складанай, зразумелай ці не з першых старонак. Два галоўныя персанажы ў творы — Дуб і Крумкач. Дрэва і птушка. Вячысты дуб-вяшчун, які шмат чаго бачыў за жыццё. Многія выпрабаванні вытрымаў. І — крумкач, «ваяўнічы крумкач». Гэта да яго звяртаецца дуб, каб збіць пыху ў агрэсіўнай, маласімпатычнай птушкі: «Ты, вяршыцель, ганебную набыў вядомасць. Дрэнная пра цябе ідзе пагалоска, — цяпер ужо не змоўчаў дуб. — Кожны з нас сваю дарогу ведае, і не з тваёй бруднай дзюбай маю сцяжыну пераходзіць…»

Ды не чуе крумкач праўду дуба-вешчуна. Не можа пагадзіцца з ім у ацэнках.

Народная мудрасць сама за сябе гаворыць у казцы Алены Стэльмах. У расповедзе, які грунтуецца і пабудаваны на традыцыях, перакананнях беларусаў, жыхароў, насельнікаў менавіта Белай Русі. Менталітэт, душа беларускага народа — вось галоўны стрыжань, на які нанізваецца фабула. У простай кампазіцыі, кампазіцыі сустрэчы і размовы дрэва і птушкі, прыцягальная драматургія.

«Быдляцкае тваё жыццё, — і лістом не ўздрыгануў мудры волат. — Як ты тут ні дзяры горла, а і медзяка з майго ўбранства не варты. Хіба не агоркла такое быццё самому?». Дубвяшчун — сімвал прыстойнасці, маральны аўтарытэт у свеце прыроды, духоўны арыенцір.

Казка падштурхоўвае да шматлікіх разваг. Найперш — пра культуру зносін, культуру стаўлення адзін да аднаго. З казачнага свету ліюцца вострыя праменьчыкі, якія прымушаюць думаць пра праўду, праўдзівае слова. Дуб-вяшчун, прамалінейна ацэньваючы паводзіны, жыццёвыя арыенціры гругана-крумкача, якраз гаворыць праўду… І для мастацтва гэта найважнейшы рухавік твора. Успамінаю Веніяміна Каверына: «…воля, энергія і патрабавальнасць да сябе не могуць перайсці на больш высокую ступень развіцця, калі яны не заснаваны на маральнай свядомасці, гэта значыць на праўдзе, законнасці і сумленні». І вось яшчэ з «урокаў Каверына»: «Сутыкаючыся з беззаконнем, знявагай, трусасцю, разлічанай ліслівасцю, кар’ерызмам, падманам даверу, культура выпрабоўвае балючы ўдар, а збор гэтых удараў вядзе да дэфармацыі маральнасці, для аднаўлення якой спатрэбяцца гады. Самы балючы ўдар — між іншым, удар, які распадаецца на мноства маленькіх, часам амаль незаўважных удараў, — здзяйсняе магутная ўладарка — «багіня хлусня». Культура адносін як адна з праяў духоўнага жыцця не можа існаваць і развівацца ў атмасферы Хлусні…»

«Дуб і крумкач» — хутчэй казка для дарослых. Хаця — і для чытання дарослымі дзецям. Алена Стэльмах здолела сказаць многае. І не пачуць гэтага нельга.

Кніжным ілюстратарам казкі выступіў вядомы беларускі кніжны графік Уладзімір Лукашык. Кожная яго работа прыцягвае ўвагу, сведчыць пра высокі ўзровень творчага мыслення, здольнасць знайсці роўную тэксту танальнасць. Беларуская выцінанка стала для У. Лукашыка рухавіком, галоўным сродкам мастацкіх рашэнняў графіка. Часам складваецца ўражанне, што выцінанку «ад Лукашыка» можна «прачытваць» асобна ад тэксту казкі. Тым самым кнігу «Дуб і крумкач» можна смела ставіць побач з выданнямі пра творчасць майстроў народнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Але навошта я табе ўсё гэта кажу? Што табе мая мазольная праўда? Ты ж толькі сваёю трызніш…

Дуб, захоплены ўспамінамі, летуценна ўздрыгануў. Толькі цяпер прыкмеціў: крумкача на суку не было.

Назаўтра ўся вёска ўсхвалявана гаманіла пра тое, што ноччу на полі, дзе пасвіліся ў загарадзі бычкі, ваўкі зарэзалі трох жывёлін. Бачылі, крумкач там мільгануў…»

Так заканчваецца казка «Дуб і крумкач». Будзем спадзявацца, што следам за ёю ў Алены Стэльмах з’явяцца новыя творы, заснаваныя на мастацкім пранікненні ў святло беларускага фальклору, беларускіх легенд і паданняў, а значыць, у саму душу беларускага народа.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

“ЛіМ” №25-2016