Філіп ДЗІМКОСКІ. Македонія. Паэзія
Філіп Дзімкоскі (1995) – паэт, перакладчык, журналіст. Нарадзіўся ў горадзе Прылеп, там жа атрымаў пачатковую і сярэднюю адукацыю. Скончыў факультэт земляробчых навук і харчавання па спецыяльнасці «Садоўніцтва і кветкаводства» Універсітэта ім. Св. Св. Кірылы і Мяфодзія ў горадзе Скоп’е. З’яўляецца пастаянным супрацоўнікам-журналістам штодзённай газеты «Новая Македонія», адной з найстарэйшых выданняў у Македоніі.
Аўтар кніг:
«Најхранливи зборови од детска душа дарови»)
[«Словы з дзіцячай душы як дар»] (вершы і кароткая проза для дзяцей, 2010),
«Божилак на исконот» [«Пачатак вясёлкі»] (вершы, 2014),
«Заедно да растеме» [«Расцём разам»] (вершы для дзяцей, 2018),
«Во градината има само љубов» [«У садзе ёсць сама любоў »] (вершы, 2018).
У 2016 годзе зборнік вершаў «Божилак на исконот» [«Пачатак вясёлкі»] выдадзены на сэрбскай і балгарскай мовах, а у 2019 годзе на балгарскай мове выйшаў паэтычны зборнік «Заедно да растеме» [«Расцём разам»].
Творчасць Філіпа Димкоского адзначана наступнымі ўзнагародамі:
- Узнагарода «Книжно перо» [ «Літаратурнае пяро»] ад Харвацкай літаратурнага аб’яднання за зборнік «Заедно да растеме» [«Расцём разам»] як лепшую кнігу для дзяцей у рэгіёне былых рэспублік Югаславіі – Рыека, Харватыя, 2018;
- Медаль «Сима Цуцик» ад Банатского культурнага цэнтра за сербскае выданне зборніка «Заедно ды растеме» [ «Расцём разам»] – Нова Мілашава, Сербія, 2019;
- Узнагарода «Млада Струга» [ «Маладая Струга»] на фестывалі «Стружские вечары паэзіі» – Струга, Македонія, 2010;
- Узнагарода «Си било еднаш едно дрво» [«Было калісьці адно дрэва»] за аднайменнае апавяданне – Бітола, Македонія – Тэль Авіў, Ізраіль, 2015/16;
- Узнагароды на фестывалях у Балгарыі: «Мелничките вечери на поезијата» [ «Вечары паэзіі у Мельніку»] – Мелник 2012 і 2016, «Белоцветните вишни» [ «Белыя вішні»] – Казанлык, 2016 і 2017, «Есенски штурци» [ «Восеньскія конікі»] – Ізвор, 2018.
За актыўную дзейнасць ва ўмацаванні статусу македонскай мовы і за ўдзел у адукацыйных праектах Савет горада Прылеп (Македонія) у 2019 годзе ўручыў Філіпу Дзімкоскаму вышэйшую гарадскую ўзнагароду – медаль «3 Ноември» [«3-га Лістапада»].
Творы Філіпа Дзімкоскага перакладзены на 15 моў і прадстаўлены ў розных часопісах, зборніках, анталогіях. Перакладае сербскую, балгарскую, харвацкую паэзію і прозу на македонскай мову.
АГОНЬ У АГНІ
Па сутнасці, агонь – гэта не проста агонь,
Які можна сузіраць падчас гарачай стыхіі.
Гэта яшчэ і іскра надзеі,
Палымянае шчасце,
Гарачае каханне,
Няспатольнае прагненне,
Нястрымная цяга,
Шчымлівая туга,
Імклівы запал,
Ціхмянае пасланне і
Дзікая дзёрзкасць.
І пакуль груда дрэў
Пад націскам агню
Трашчыць і разгараецца,
Закрытыя храмы душаў
Адкрываюцца.
Урэшце, ты пачынаеш
Альбо смяяцца, альбо плакаць,
Пры гэтым, ты не адсутнічаеш сам у сабе,
Але наадварот – здабываеш пачуцце самога сябе.
Агонь узмацняецца, ён ужо палае,
Дрэвы трашчаць усё мацней,
Запал і туга разгараюцца з новай сілай,
Агнём палае ўжо і душа,
Пад стаць агнявіску, што бушуе на ўсю моц.
Іскры ад агніска адбіваюцца ў вачах –
Яны таксама ззяюць, іх пагляд трапешча.
Два агні ірдзеюць
Усё мацней і мацней,
Яны шмат аб чым мовяць,
Не прамаўляючы ні слова.
Адна іскра,
Усяго толькі адна,
Бясконца лунае ў цемені,
Зліваецца з зорным суквеццем,
Там – мігціць яшчэ выразней.
І ўрэшце, толькі прад світаннем блякне,
Месяц і зоры сыходзяць з небасхілу,
І толькі дзве чырвоныя стужкі выразна вызначаюць сябе –
Гэта зараніца і агонь зліліся ў пажарышчы кахання.
Паволі агнявіска знікае,
Вуголле астывае,
Застаецца адно толькі попел.
Халодны вятрыска старанна раздувае яго,
У жаданні спарадзіць новую іскру ў чыімсьці сэрцы.
І сапраўды, разгараюцца новыя пажары –
У ачагах, у вачах, у сэрцах.
Пажары надзеі, запалу і страсці –
Пажары пачуццяў распальваюцца наноў.
І няхай яны гараць…
Хай гарыць агонь
Вар’яцкага экстазу і любоўнага свячэння.
Покуль гарыць агонь – жыццё доўжыцца.
Калі застанецца толькі халодны попел,
Што не ў стане спарадзіць новай іскры,
Толькі тады ўсё скончыцца.
І так…
Шмат іскраў яшчэ разгарыцца,
Ды толькі нешматлікія з іх запаляць агонь,
Што стане сапраўдным агнявіскам,
Перш чым і ён ператворыцца ў попел.
Ну, а агонь…
Агонь як агонь.
Ён заўжды гарыць, каб патухнуць.
Няхай толькі не згасае той агмень,
Што павінен быць вечным.
Той, што з’яўляецца чалавечым,
Той, што называюць творчым.
З македонскай.Пераклад Марыі КОБЕЦ