Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Галіна НУПРЭЙЧЫК

Галіна НУПРЭЙЧЫК

Наказ ветэрана
Шляхі вайны – за далеччу гадоў.
Семдзесят пяць – ад даты Перамогі.
Старому ветэрану зноў і зноў
Душу гнятуць ваенныя трывогі.
Пажары сняцца, мінныя палі,
Без рук, без ног сябры яго ў шпіталі,
Сябры яго, што з бітваў не прыйшлі,
Сябры, ля абеліскаў што стаялі.
Рады іх кожны год радзей, радзей…
І ён адзін – на вёсак тры ці болей –
Апошні сведка жудасных падзей,
Дзе быў наш край крывавым полем бою.
Рубцы на целе зморшчаным баляць,
І скроні разрываюць успаміны.
Данесці б свету іх – наказ паслаць:
“Жыві без войнаў! Годны будзь і мірны!”

Дваццаць другі дзень лета
Ішоў як раней, як заўсёды,
У чэрвень той дзень пагодны.
Жыццё прачыналася ў ім.
І быў ён дваццаць другім.
Быў дваццаць другі дзень лета.
Звычайная дата гэтая
Урэзалася мяжой
Між мірным жыццём і вайной.
Як сон, дзе кішаць кашмары,
Надзеі закрэсліла, мары.
Да іх дацягнуцца б рукой!
Ды іншы ўжо час, не той…
Ляцелі малітвы ў неба:
Не трэба вайны, не трэба!
І выбухаў чорны дым
Слупамі стаяў у ім.
Быў дваццаць другі дзень лета…
Гісторыя дату гэтую –
Між мірным жыццём і вайной –
Пяць год пісала крывёй.

На мяжы
Між мірам і вайной мяжа –
Адно імгненне.
Прамень святла, палёт стрыжа –
І бездань ценю.
Кахання шквал, дзіцячы смех.
Вясна без краю.
…Узрывы мін, чырвоны снег.
І край адчаю.
Каб свет быў мірным,
На мяжы
Жыццё віруе.
Бяссонны час цячэ-бяжыць
У ноч сырую,
У спёку лета, у мароз
Зімою лютай,
Каб не было сірочых слёз,
Людскіх пакутаў.