Літаратурная карта Пухавіччыны… Ёсць у Беларусі Блужа!

Літаратурная карта Пухавіччыны… Ёсць у Беларусі Блужа!

Так, багаты наш Пухавіцкі край на цікавыя паселішчы. Ёсць і Блужа, і Дукора, і Шацк, і Пухавічы, і Зацітава Слабада, і Турын… Шмат адметнасцяў у нашым краі. І, відаць, здаўна Пухавіччына прыцягвала да сябе літаратараў, мастакоў. Роднай нашу старонку лічылі народны паэт Беларусі Якуб Колас, народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў… Надзвычай цёпла і прыязна згадвалі пра Турын і Шацк, Рудзенск і Тальку празаікі, паэты Янка Маўр, Мікола Вяршынін, Алесь Пісьмянкоў… Сярод тых, хто з года ў год на сустрэчы з чытачамі, на сустрэчы з настаўнікамі імкнецца, спяшаецца ў Пухавіцкі раён, Мар’іну Горку, – паэт, празаік, публіцыст, даследчык беларускай літаратуры, перакладчык Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк.

Нарадзіўся пісьменнік ў Давыд-Гарадку, на Берасцейшчыне. Закончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. З вершамі пачаў у друку ў 15-гадовым узросце – у 1972 г. на старонках столінскай раённай газеты “Навіны Палесся”. Праз два гады – у 1974-м – першая публікацыя ў рэспублікнаскім друку: газета “Чырвоная змена”. У 1982 – 2002 гг. – праца ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Аўтар кніг “Вандроўнік”, “Над пляцам”, “Тут”, “Пра тое, як я…”і іншых паэтычных зборнікаў.

– Леанід Васільевіч, што прыцягвае менавіта на Пухавіччыну? – пытаюся ў знакамітага літаратара.

– Мар’іна Горка сагравае душу, пухавіцкая зямля дае слову дыханне…

Цяжка злічыць колькі разоў я пабываў у гэтым слаўным краі!

Неаднойчы з Ігарам Лучанком!

А часцей за ўсё гэта былі сумесныя паездкі з пісьменнікамі Алесем Пісьмянковым, Навумам Гальпяровічам, Эдуардам Акуліным…

У арганізацыі такіх творчых сустрэч вельмі дапамагаў клапатлівы і заўсёды ўважлівы да людзей Аляксандр Аляксандравіч Прановіч.

 Што найболей выразна запомнілася з першых сустрэч на Пухавіччыне?

– Памятаю літаратурныя, кніжныя ці мо нават літаратурна-краязнаўчыя чытанні ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы Мар’інай Горкі – гасцей тады сустракала Ганна Барысаўна Лабастава; запомнілася таксама мар’інагорская гімназія і яе дырэктар Ралькевіч Ала Васільеўна.

А як добра было гаварыць пра беларускую літаратуру ў сярэдніх школах Мар’інай Горкі №№ 1, 2, 3, як і ў школе № 4 – там Людміла Мікалаеўна Сарнова настройвала сваіх выхаванцаў на ўвагу і паразуменне.

Я прымаў удзел і ў Мар’інагорскім свяце “Спявай, душа!”, якое адбылося 17 чэрвеня 2006 года, а ў чацвер 19 снежня 2013 года на свяце, прысвечаным прозе народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава прачытаў лекцыю пра асаблівасці стылю ягоных раманаў.

 Ведаю, што, наведваючыся на Пухавіччыну, вы і паэтычным словам занатоўваеце свае ўражанні…

– Часта бываючы ў Аграрна-тэхнічным каледжы, прысвяціў гэтай знакамітай навучальнай установе радкі:

Ты клічаш мяне, ты завеш,

Навукі патрэбнае востраў,

Аграрна-тэхнічны каледж

У Мар’інай Горцы дзівоснай!

 

Па роднай дарозе вядзеш.

Якая бывае няпростай,

Аграрна-тэхнічны каледж

У Мар’інай Горцы дзівоснай!

 

З удзячнасцю я гэты верш

Табе прысвячаю мілосна –

Аграрна-тэхнічны каледж

У Мар’інай Горцы дзівоснай!

– А яшчэ якія “пухавіцкія адрасы” трымаюцца ў памяці?

– З вялікім рупліўцам Аляксандрам Прановічам вельмі шмат было вандровак па раёне, у выніку якіх мы наведалі школы ў Зазер’і, Пярэжыры, Зорцы, Рудзенску, Дрычыне, Дукоры, Ананічах, Дуброўцы, Турыне, Суціне, Бор-Слабадскую школу.

У Светлы Бор, дарэчы, некалі пісьменнікі часта завітвалі, дзякуючы намаганням тагачаснага дырэктар Браніслава Аляксандравіча Зубкоўскага. Ведаю, што прыязджалі туды і Уладзімір Глушакоў, Ганад Чарказян…

Скажам, у школе ў Светлым Бары, дзе, дарэчы, з прадпрыемстваў галоўнае – кардонная фабрыка, выступленне пачалося з такіх без папярэдняга абдумвання радкоў:

Кожны, Мінску не ў дакор,

Кажа і смяецца:

“Светлы Бор ад светлых зор

І ад светлых сэрцаў!”

А завяршылася сустрэча гэткімі словамі ў рыфму:

Цудоўныя сябры,

Працуем мы штодзённа

У Светлым у Бары

На фабрыцы кардоннай!

А для школьнікаў Блужы прыдумаўся такі імгненны верш:

Мой невясёлы дружа!

Вясёлы будзь, бо ёсць

У Беларусі Блужа,

А ў Блужы ты не госць!

 

Ты – гаспадар у Блужы,

Мой сябар дарагі!

Будзь радасны і дужы,

Бо толькі ў роднай Блужы

Твае квітнеюць ружы,

Ідуць твае снягі.

Экспромты чыталіся разам з шацкімі школьнікамі:

Скажу вам па-сваяцку я:

“У Шацку людзі хвацкія,

Лагодныя, адкрытыя –

Заўсёды працавітыя!”

– З Шацкам, дарэчы, звязаны пісьменніцкія лёсы Міколы Лобана, а яшчэ раней – Міхася Багуна. У Шацку ў дзяцінстве жыў паэт-байкапісец Мікола Вяршынін…

– І я рады, што спрычыніўся да Шацкай гісторыі… А яшчэ для шацкіх вучняў ды іхніх настаўнікаў на сустрэчы вось што гучала:

Мы крыкнем так знянацку:

“Хто з намі, той і волат!

Як добра жыць у Шацку,

Бо Шацк – любімы горад!”

Без увагі не засталіся, дарэчы, й голацкія вучні, ім быў прысвечаны наступны экспромт:

У Полацку і ў Наваполацку

Былі мы тысячу разоў!

А сёння першы раз мы ў Голацку

Прыехалі знайсці сяброў!

– Дзякуй, Леанід Васільевіч, за такую гутарку! Дзякуй за добрыя словы пра Пухавіцкі край!

– І мне прыемна ўсведамляць: цікавых сустрэч у Мар’інай Горцы і Пухавіцкім раёне за апошнія дваццаць гадоў было вельмі багата; часам здаралася, што за дзень даводзілася праводзіць ажно чатыры чытанні – напрыклад, 19 жніўня 2009 года адбыліся выступленні ў Палацы культуры, у лагеры “Лясная казка” (Талька), у цэнтральнай раённай бібліятэцы і ў Абласным медыцынскім рэабілітацыйным дзіцячым цэнтры.

Гутарыў Алесь Карлюкевіч

 Крыніца: “Сугучча” спасылка