З Масленіцай!
Літаральна некалькі дзён і зіма 2020 здасць свае паўнамоцтвы маладой яснавокай вясне. Традыцыйна апошні тыдзень перад Вялікім постам на Беларусі адзначаецца Масленіца — старажытнае славянскае свята з шматлікімі звычаямі, якое нават праз стагоддзі дайшло да нашых дзён. Масленіца ў 2020 годзе адзначаецца з 24 лютага па 1 сакавіка.
З Масленіцай людзі звязваюць надзеі на дружную вясну, на раннюю сяўбу, якая абяцае багаты ўраджай. І хоць зіма яшчэ гатова паказаць свой нораў, усе разумеюць, што хутка з ёю развітаюцца. Свята з добрым настроем, песняй ды смачнымі блінамі – традыцыйна праходзіць у кожным куточку нашай краіны! Тэматычнымі вершамі напярэдадні “Провадаў зімы” падзялілася паэтэса з Барысава Лёля Багдановіч
Лёля Багдановіч
І на сыроватцы бліны, і на кефіры.
З мядочкам, масліцам – як адгалоскі ліры.
З варэннем і смятанкай – гусляў гукі,
Яшчэ са скваркай, смажанай з цыбулькай.
Ды яйкамі ў патэльні – смаката!
Пабеглі слінкі нават у ката…
На тыдзень масленіца ў госці завітала –
Сем дзён усіх блінкамі частавала.
Вясна з зімой наладзіла сустрэчу,
А ў небе зоркі зіхацяць, як свечкі…
МАСЛЕНІЦА
Бліны духмяныя – і толькі з пылу, з жару!
Ды наздраватыя якія – смаката!
А на патэльні ўжо сквірчыць з яечняй сала –
У вокны масленічны ранак завітаў!
Дык можна разгуляцца гаспадыні –
Бліны з грыбамі, з мёдам і з ікрой!
Ужо па барадзе пабеглі сліні –
Палоніць водар думкі і настрой.
Каля стала збяромся ўсёй сям’ёю –
Блінам, як бачыш, рады мы дадзім.
Іх цэлы стос з вялізнаю гарою.
Ды нам не прывыкаць – усё з’ядзім!