XXVІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе ў лютым 2019 года
Share the post "XXVІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе ў лютым 2019 года"
Традыцыйная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе ў Мінску з 6 да 10 лютага 2019 года. Размова аб гэтым ішла на арганізацыйным камітэце ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Пасяджэнне вёў намеснік міністра інфармацыі краіны Ігар Бузоўскі. Адрасам правядзення прэстыжнага кніжнага форуму будзе адміністрацыйны комплекс па праспекце Пераможцаў, 14. Краіна — Ганаровы госць выстаўкі-кірмашу ў 2019 годзе — Злучаныя Штаты Амерыкі.
Асноўнымі тэмамі нацыянальнай экспазіцыі на кірмашы стануць наступныя абсягі: Год малой радзімы, ІІ Еўрапейскія гульні, юбілеі класікаў беларускай літаратуры, іншыя знакавыя даты ў жыцці нашай краіны.
Адбудзецца цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Пройдзе і чарговы — пяты па ліку — Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Падчас размовы на арганізацыйным камітэце гаварылася і пра шырокае выкарыстанне ў дні кірмашу для рэалізацыі яго праграмы іншых сталічных пляцовак. Найперш — бібліятэк, навучальных устаноў.
Сяргей Шычко
“Звязда“

















