Зямлі сваёй і землякам

25 кастрычніка ў Ашмянскай раённай бібліятэцы адбылася  прэзентацыя кнігі Валянціны Гіруць-Русакевіч “На нітцы часу”, якая выйшла ў лютым гэтага года ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” ў серыя “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”. У творчай імпрэзе, якая праходзіла ў рамках Года малой радзімы, прынялі ўдзел і салісты Валожынскага РЦК Аляксандр Шаўчэнка і Вольга Дзядуль, якія выканалі песні на словы паэтэсы. 

В.Гіруць-Русакевіч расказала не толькі пра свае жыццёвыя і  творчыя сцяжыны, чытала вершы з новай кнігі, але і расказала землякам пра народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” ДУК “Валожынскі раённы цэнтр культуры”, пра пошукі і знаходкі, поспехі і дасягненні гэтай творчай суполкі, кіраўніком якой яна з’яўляецца.

Цёплая, шчырая, душэўная сяброўска-зямляцкая атмасфера панавала ў зале бібліятэкі. Землякі аддзячылі Валянціне Францаўне кветкамі і сардэчнай падзякай ёй і яе сябрам-валожынцам.