Віктар Кажура. Песничке игре (пераклад Даяны Лазаревіч)

Чужых дзяцей не бывае

Яшчэ зусім нядаўна, на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Мінску, прэзентавалася выданне для дзяцей «Азбука ў вершах і малюнках» Віктара Кажуры, а цяпер творца збіраецца прэзентаваць сваю кнігу, пераствораную па-сербску, на міжнародным кніжным кірмашы ў Сербіі. Напярэдадні вандроўкі наш карэспандэнт сустрэўся з пісьменнікам.

— Віктар Віктаравіч, як узнікла задума праекта і якім чынам здолелі так хутка яго ажыццявіць?

— Нарадзілася ўнучка Ангелінка. Яна і стала маёй маленькай музай-натхняльніцай. Напісаў для яе кніжку «Азбука ў вершах і малюнках». Разышлася яна імгненна. У пачатку года яе перавыдалі і мы разам з унучкай прэзентавалі на XXV мінскім кніжным кірмашы. І, як кажуць, трапілі ў патрэбны час у патрэбнае месца. Пляцоўка выдавецтва «Пачатковая школа», дзе адбывалася імпрэза, знаходзілася побач з сербскімі стэндамі. Сербы ўдзельнічалі ў выстаўцы як ганаровыя госці, а ў іх дэлегацыі была маладая паэтэса і перакладчыца Даяна Лазаравіч. Натхнёная нашым выступам, яна сказала: «Чужых дзяцей не бывае. Усе — нашы…» У яе першай і ўзнікла задума перастварыць «Азбуку» па-сербску.

 Пачалося супрацоўніцтва, грунтоўная перапіска. Даяна працавала вельмі хутка, я не паспяваў пісаць каментары і даваць парады. «Азбука» была перакладзена вокамгненна. Але ў сербскім выдавецтве кніжку вырашылі дапоўніць. А ў мяне ўжо былі публікацыі па тэмах, з якіх зазвычай пачынаюць знаёміць дзіця з навакольным светам (паравіны года, звяры, птушкі, грыбы, ягады), а таксама пра тое, як «размаўляюць» жывёлы. Акрамя таго, я напрыдумляў для ўнучкі шмат розных калыханак, а Даяна гаворыць: «Гэта не толькі для ўнучкі! Хай будзе для ўсіх дзетак!» Яна ізноў узялася за працу…

Неўзабаве кніжачка, пераствораная па-сербску, пабачыла свет у бялградскім выдавецтве. «Паэтычныя гульні. Загадкі, вершы і калыханкі для дзяцей» — у назве як нельга лепш адлюстраваны змест. Два з раздзелаў складаюць рыфмаваныя творы, дзе адсутнічае апошняе слова, — дзіця мусіць само дадумаць адпаведны выраз, які б правільна дапасаваўся па рытме і рыфме — такім чынам ужо з самага маленькага ўзросту яно вучыцца думаць, эксперыментаваць са словам; закладаецца лексіка. Прадмову да выдання напісала перакладчыца. «Усе дарослыя былі калісьці дзецьмі, але мала хто з іх памятае пра гэта» — эпіграфам сталі слынныя радкі Экзюперы з «Маленькага прынца».

Беларуская і сербская мовы ў нечым падобныя. Маленькія чытачы адразу зразумеюць гэта, пабачыўшы на старонцы перад вершамі беларускі алфавіт з сербскай транскрыпцыяй. Вельмі дарэчы перад кожным з твораў падаецца беларуска-сербскі міні-слоўнічак з назвамі птушак, жывёл і раслін, пра якія пойдзе гаворка. Шмат з іх гучаць аднолькава ў дзвюх мовах: ананас, вішня, жырафа, чапля, язмін… А вось тое, што бегемот у сербскай мове гучыць як «нільскі конь», не ведаючы, не здагадаешся…

Выданне будзе прэзентавана на кніжным кірмашы ў Сербіі. У працэсе стасункаў з’явіліся новыя планы на далейшаю супрацу.

Бо, сапраўды, чужых дзяцей няма, усе — дзеці свету, нашы дзеці і наша будучыня…

Падрыхтавала Яна БУДОВІЧ

“Літаратура і мастацтва”