ЖЫВЁМ ТАБОЮ, БЕЛАРУСЬ!

Творчая сустрэча замежных і беларускіх пісьменнікаў — удзельнікаў Трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету адбылася ў надзвычай знакавым месцы — музеі імя Я. Купалы ў Мінску.

Прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі былі ўзрушаны магчымасцю творчага абмену з калегамі, якія завіталі ў беларускую сталіцу на гучнае свята з Расіі, Польшчы, Латвіі, Украіны, Ізраіля.

Перш чым творцы распачалі гаворку пра тое, як родным беларускім словам мацуюць прэстыж Беларусі ў самой краіне, а таксама і па-за яе межамі, дырэктар музея Алена Ляшковіч запрасіла на экскурсію па надзвычай цікава аформленых залах музея.

Перад пісьменнікамі паўстаў вобраз беларускага Песняра ва ўсёй шчымлівасці яго няпростага лёсу, цесна пераплеценага з пакутным лёсам краіны. І таму так велічна гучалі словы класіка беларускай літаратуры і пра народ, і пра яго долю, і пра нацыянальную самасвядомасць — тое, што робіць беларусаў адметнымі ў свеце. Як адметныя і тыя, хто нясе ў сэрцы любоў да роднага парога, калодзежа, печы, дзе б далёка ні былі, як бы ні прыжыліся на новым месцы.

Сустрэча пачалася са знаёмства з міжнароднымі творчымі праектамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Іх прадставіла першы намеснік страшыні СПБ Алена Стэльмах. Прэзентацыю літаратурнага партала «Сугучча» Выдавецкага дома «Звязда» правяла намеснік рэдактара часопіса «Полымя» Юлія Алейчанка. Галоўны рэдактар дырэкцыі замежнага радыё «Беларусь» Белтэлерадыёкампаніі Навум Гальпяровіч распавёў пра гучанне беларускага радыё на васьмі замежных мовах. З яго вуснаў стала вядома: з новага сезона гэтага года беларусаў пачуюць яшчэ і на дзявятай — арабскай мове.

Далей слова было прадастаўлена самай вялікай творчай дэлегацыі — польскай, у склад якой уваходзілі журналісты і пісьменнікі — Міраслава Лукша, Юрый Баена, Барбара Гаральчук, Ганна Радзюкевіч, Яўген Чыквін, Кацярына Сянкевіч. З прывітальным словам да землякоў звярнуўся вядомы літаратар з Латвіі Станіслаў Валодзька. Усіх яднала беларуская мова і прыгожае паэтычнае слова. Вершы пра Радзіму, вытокі, Бацькаўшчыну гучалі ў выкананні Бажэны Ганушкінай, Анатоля Аўруціна, Валянціны Паліканінай, Вольгі Сакаловай.

Напрыканцы сустрэчы пісьменнікі прынялі зварот да палітыкаў і сусветнай грамадскасці з тым, каб не дужаліся сілай зброі, а скарыстоўвалі Слова — магутнае і велічнае, якое служыць міру і яднае народы.

Марыя ЛІПЕНЬ

«Літаратура і мастацтва» №37-2017

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.