“Жыццё маё і гонар мой”

Такую назву меў творчы конкурс, прымеркаваны да 100-годдзя ўтварэння Уздзенскага раёна. У ім прынялі ўдзел члены раённага літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, у тым ліку і чатыры члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, усе жадаючыя. Нядаўна аўтары сабраліся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса для падвядзення вынікаў. Атрымалася шчырая і цікавая гаворка.

Паэты і празаікі прыгадвалі ў якіх умовах і з якім настроем стваралі свае творы, зачытвалі вершы, замалёўкі, у якіх праслаўлялі родныя мясціны. Самыя цёплыя словы (а некаторыя аўтары нават у загаловак выносілі як жанр – ода) былі адрасаваны райцэнтру, прыгожым вёскам Уздзеншчыны. “Дзе, скажыце, сябры, салаўі так пяюць і крыніцы бруяць, і валошкі цвітуць?” – спытала ў чытача Галіна Нічыпаровіч і адказала: у мястэчку Магільна. Валянціна Шытыка згадала адну з легенд пра хана Кайдана, які згубіў у рацэ уздзечку, адкуль і пайшла назва будучага райцэнтра. “Перад табой схіляю я калені, край Прынямоння, уздзенскі наш край!” – прызнаецца вершаваным радком Віктар Сабалеўскі. А Дзмітрый Вінаградаў звярнуўся да тэмы 80-годдзя вызвалення Беларусі, запісаў успаміны ўдзельніка вайны Ф. Кампанійца.

Цікавыя творы вынеслі на суд гледача В. Бокуць-Чабатарова, Г Чыгрына, Т. Каляда, Н. Лятун, Г. Кароль і іншыя аўтары. Удзельнікі конкурса атрымалі дыпломы і прызы ад раённай арганізацыі “Белая Русь”.

Прэс-служба МАА СПБ