Жыццё і мудрасць на паперы

Чалавек, які стварае прозу для дзяцей, напісаў кнігу пра старажытных філосафаў, ды з гумарам, яшчэ і ў вершах… Ці магчыма такое? Цалкам магчыма! Гаворка — пра сёлетняга юбіляра, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Рашкевіча, які днямі адзначыў 70-годдзе.

У галіне дзіцячай літаратуры Віктар Фёдаравіч працуе асабліва плённа. З-пад пяра пісьменніка выйшла цэлая серыя казачных гісторый пра падарожжы і прыгоды разумнага і дапытлівага лісяняці Фокі. Кнігі паспелі палюбіцца і дзецям, і дарослым. Вынік — заслужаная ўзнагарода: медаль «За вялікі ўклад у літаратуру», які Віктару Рашкевічу падчас творчай вечарыны ў Доме літаратара ўручыў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў.

— Каб пісаць для дзяцей, аднаго мастацкага таленту недастаткова, — заўважыў на сустрэчы старшыня секцыі дзіцячай літаратуры СПБ Уладзімір Мазго. — Трэба яшчэ валодаць жыццёвым досведам, багатай фантазіяй, умець бачыць свет вачыма дзіцяці.

Сябру СПБ Галіне Нічыпаровіч удаюцца творы і для дзяцей, і для дарослых. Пацвярджэннем таму — кнігі пісьменніцы.

«Ты прославляешь Нёмана красу / И прелесть узденского края. / Твои стихи любовь несут / К травинке и к цветку, не уставая…» Такія радкі прысвяціла паэтэсе Галіне Нічыпаровіч яе сяброўка Валянціна Шытыка. А нагодай для гэтага стала прэзентацыя дзвюх новых кніг Галіны Міхайлаўны: «Гісторыі бабулінага дзяцінства» і «Невычэрпная ніць памяці». Пра гэта рэдакцыі «ЛіМа» паведаміла наша чытачка Вера Лукашэвіч.

«Гісторыі бабулінага дзяцінства»… Чаго вартая адна назва! Адразу нібыта вяртаешся ў дзяцінства, калі на канікулах гасцяваў у бабулі, а яна старалася прыгатаваць што-небудзь смачненькае ў печы. А яшчэ вучыла жыць. Вось і Галіна Міхайлаўна, прымерыўшы на сябе ролю мудрай бабулі, успомніўшы час, калі сама была гарэзлівай дзяўчынкай, у вершах і апавяданнях перадала свае назіранні за ўнучкамі, вясковымі дзецьмі. Тут і котка, якая не захацела гуляць у футбол, і бульба, якая замяніла горкія лекі, і кактус, які палохаў іголкамі…

— Я заўсёды прыслухоўвалася да слоў бабулі, — адзначыла дырэктар Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса Аксана Драчан. — Бо ведала: кепскага яна не параіць. Вось і ў творах Галіны Міхайлаўны шмат павучальных гісторый.

Кнігу «Невычэрпная ніць памяці» Галіна Нічыпаровіч прысвяціла сяброўцы Тамары Дзесюкевіч, якая год таму пайшла з жыцця.

— Яе паважалі ў нашай вёсцы, хоць жыла і працавала ў сталіцы, — узгадала Галіна Нічыпаровіч. — Гэта яна, Тамара, чытаючы мае вершы і замалёўкі, пастаянна паўтарала, што нешта ёсць у маёй мове…

Дзіна ДОЛЬСКАЯ

«ЛіМ» №29-2016