Жнівеньскі творчы плён Таццяны Цвірко

Лета – пара адпачынку! Але члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі не стамляюцца працаваць і радуюць сваімі поспехамі.

У пачатку гэтага года часопіс “Алеся” і Саюз пісьменнікаў Беларусі абвясцілі літаратурны конкурс “Старэйшыя мае, мне з вамі добра”, прысвечаны сям’і, а напрыканцы чэрвеня ў Мемарыяльнай зале Доме літаратара адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў творчага спаборніцтва, у якім прынялі ўдзел 66 аўтараў з розных куткоў нашай краіны. Прыемна адзначыць, што сярод шасці пераможцаў конкурсу – дзве нашы аўтаркі – Людміла Круглік – уладальніца дыплома і прыза за 3-е месца ў намінацыі “Найлепшы паэтычны твор” (верш “Родны”); а ў намінацыі “Найлепшы празаічны твор” дыпломам 3 ступені і падарункам адзначана эсэ Таццяны Цвірко “Абдымаю малітвамі.”

5 жніўня на тэлеканале “Беларусь -3”  выйшла ў эфір аўтарская праграма пісьменніка Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы”, госцяй якой стала Таццяна Цвірко. Глядзець “Суразмоўцы” з Таццянай Цвірко

9 жніўня адбыўся  прамы эфір  Міжнароднага інфармацыйнага музычна-літаратурнага радыё “Краіна талентаў”. У аўтарскім праекце  Зоі Капуста  “Вас вітае Беларусь” прыняла ўздзел Таццяна Цвірко. Амаль дзве гадзіны  вядучая і яе госця вялі цікавую нязмушаную гутарку пра жыццё паэткі, яе карані, творчыя набыткі, выдадзеныя кнігі… Таццяна Канстанцінаўна  чытала вершы, прозу,  у эфіры гучалі песні, аўтарам слоў якіх яна з’яўляецца. Шматлікія  словы ўдзячнасці, шчырыя водгукі прымала пісьменніца ад удзячных радыёслухачоў.

12 жніўня ў Нясвіжы адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў міжнароднага літаратурнага анлайн-конкурсу, які быў прысвечаны 800- годдзю горада Нясвіжа “Табе я, Нясвіж, прысвячаю…” Сярод пераможцаў конкурсу – члены Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Так, Таццяна Цвірко атрымала памятны падарунак і Дыплом пераможцы ў намінацыі “Проза”, а таксама Дыплом  1 ступені ў намінацыі “Паэзія” (творы на беларускай мове); Генадзь Аўласенка таксама атрымаў Дыплом 1 ступені у намінацыі “Паэзія” (творы на беларускай мове); Дзмітрый Вінаградаў адзначаны Дыпломам 2 ступені ў намінацыя “Проза” (творы на беларускай мове); Людміла Круглік атрымала Дыпломы 2 ступені ў намінацыі “Паэзія” (творы на беларускай мове), 3 ступені ў намінацыі “Паэзія (творы на рускай мове), а таксама была адзначана Дыпломам 3 ступені як аўтар слоў песні “Малая родина”, музыку да якой напісала Алена Жукоўская. Па выніках конкурсу была выдадзена прыгожая і змястоўная кніга “Тебе я, Несвиж, посвящаю” (паэзія, музыка, проза), у якую ўвайшлі творы пераможцаў і фіналістаў, а таксама творы членаў журы праекта, сярод якіх быў таксама член Мінскага абласнога аддзялення СПБ – Канстанцін Цыбульскі. Кнігі былі ўручаны аўтарам і членам журы  ў якасці памятнага падарунка.

Прэс-служба МАА СПБ