«Залатое пяро» як сімвал таленту

«Залатое пяро» як сімвал таленту

Шэсць гадоў таму грамадская арганізацыя «Белая Русь» абвясціла аб правядзенні конкурсу «Залатое пяро». Гэту ініцыятыву падтрымалі Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Меркавалася такім чынам абудзіць у моладзі цікавасць да выказвання ўласных думак і грамадскай пазіцыі.

Творчае спаборніцтва пачыналася з 300 удзельнікаў. Сёлета цікавасць да конкурсу праявілі больш як 1800 аўтараў — сябры клубаў юных журналістаў, маладыя карэспандэнты тэлебачання, інтэрнэт-сайтаў, раённых газет, навучэнцы, працоўная моладзь. Намінацыі прапаноўваліся самыя розныя: «Медыя ІІІ тысячагоддзя», «Беларусь — краіна тваіх магчымасцей», «Разам весела крочыць», «Майстар сваёй справы».

— Прыемна, што ўдзельнікамі конкурсу сталі прадстаўнікі ўсіх куткоў нашай краіны, — заўважае першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — Гэта сведчыць пра тое, што моладзь удумліва ставіцца да жыцця, ацэньвае яго рэаліі, пазіцыянуе сваю ролю ў грамадстве. Да ўсяго конкурс выпрацоўвае ўменне валодаць словам. А слова, як вядома, мае вельмі вялікую сілу. Конкурс адшуквае і маладых перспектыўных журналістаў, патрэбу ў якіх маюць розныя СМІ.

Уганараванне пераможцаў па традыцыі адбылося ў вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Адкрыў цырымонію ўзнагароджання кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, які адзначыў, што ўдзельнікі конкурсу — гэта неабыякавыя, сацыяльна актыўныя людзі, творчая эліта нашай краіны. Генадзь Браніслававіч пажадаў намінантам, каб гэты дзень ім запомніўся як адзін з галоўных стартаў у прафесійнай, палітычнай, духоўнай кар’еры.

Дыпломы, кветкі, падарункі і канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава — феерверк эмоцый ад «Белай Русі» тым, хто атрымаў «Залатое пяро».

Марыя ЛІПЕНЬ

«Літаратура і мастацтва»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.