За томам ― том
Творцы ў часе і прасторы
Знаёмства з працягам твора ― як спатканне з добрым знаёмцам. Асабліва, калі раней прачытанае па-сапраўднаму ўразіла. Тое ж тычыцца кніг, якія не абмяжоўваюцца першым томам. Сёй-той можа запярэчыць: колькі тых шматтомных «эпупей», расцягнутых, быццам гума. Але гума вяртаецца ў першапачатковае становішча, а якасная літаратура імкнецца наперад, «абрастаючы» працягам. Да такой адносяцца «Постаці» Зіновія Прыгодзіча.
ТРОЙЧЫ ДЗЕСЯЦЬ
У 2011 годзе выйшаў першы том «З цэлым народам гутарку весці…». У 2014-м пабачыў свет другі ― «Сэрца мільёнаў падслухаць біцця…». І вось ― трэці, «Гэткай шукаю цэлы век чэсці…». Да месца назваць «хросных» бацькоў гэтых кніг: Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Літаратура і Мастацтва», Выдавецкі Дом «Звязда», выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».
Даючы зялёнае святло першаму тому, Алесь Карлюкевіч разважаў ва ўступным артыкуле да яго: «Не пабаюся заўважыць, што кніга “Постаці: З цэлым народам гутарку весці…” ― несумненная творчая ўдача пісьменніка. Гэта кніга, якая, маю спадзяванне, зойме адметнае месца ў беларускім прыгожым пісьменстве… Бо яна пра тых, каго мы называем Творцамі, Падзвіжнікамі нацыянальнай культуры».
Тады, першым разам, з чытачом «сустрэліся» дзесяць найвыдатнейшых нашых сучаснікаў, сярод якіх ― Марыя Захарэвіч, Адам Мальдзіс, Янка Сіпакоў… Не менш прадстаўнічы другі том «Постацяў». Лічбы «10» Зіновій Прыгодзіч трымаецца і гэтым разам, распавядаючы пра Генадзя Бураўкіна, Васіля Быкава, Аляксея Дударава, Мікалая Пінігіна, Леаніда Шчамялёва і інш.
Выбар герояў сведчыць пра рознабаковы інтарэс аўтара, пра тое, як добра арыентуецца ён у сучаснай культурнай прасторы, звяртаючы ўвагу найперш на каларытныя асобы, незалежна ад іх поглядаў на грамадскія працэсы ў краіне. Адзіны для яго крытэрый ― талент, і толькі талент.
ПРЫГОЖАЕ ― ПРАЗ ОПЕРУ
Пра кожнага, хто прадстаўлены ў «Постацях…», можна гаварыць шмат. Зрэшты, куды больш гавораць яны самі: гэта менавіта гутаркі, размова, калі субяседнікі адчуваюць сябе на роўных. Яны аднолькава зацікаўленыя ў праблемах, што ўзнімаюцца, ахвотна прыгадваюць найбольш значнае, памятнае, а то і нечаканае.
Гэта стала магчымым найперш таму, што ў якасці субяседнікаў Зіновій Кірылавіч узяў тых, каму ёсць пра што сказаць і хто ўмее свае думкі, погляды, развагі падаць належным чынам. Аднак важна, канечне, не толькі гэта. Многае залежыць і ад «другога боку». І тут З. Прыгодзіч нязменна трымае планку. Ён умее разгаварыць чалавека. Як і ўмее скіраваць размову менавіта ў такое рэчышча, дзе ад яе будзе большая карысць, лепшая выніковасць.
Істотная тут гатоўнасць задаваць, мякка кажучы, нязручныя пытанні. Нават не столькі для свайго суразмоўцы, колькі для самога сябе. Асабліва ў выпадках, калі пытанні тычацца сферы не надта табе блізкай. Падобнае заўважна ў размове з выдатнай опернай спявачкай Аксанай Волкавай «Мне важна, што я раблю сёння». Прызнаюся шчыра: я не належу да прыхільнікаў гэтага віду музычнага мастацтва. Дый З. Прыгодзічу куды бліжэйшая літаратура. Тым не менш гаворка прайшла на ўзроўні. Справа не толькі ў папярэдняй падрыхтоўцы ― са спявачкай размаўляе пісьменнік, журналіст, для якога паняцце прыгожага ў самых розных ягоных праявах значыць вельмі шмат. У асобных выпадках ён інтуітыўна адчувае, пра што абавязкова трэба пагаварыць. Таму нават той, хто асабліва операй не захапляецца, пазнаёміўшыся з гутаркай «Мне важна, што я раблю сёння», зразумее, адчуе непаўторнасць опернага мастацтва.
АРЫЕНЦІР, ЯКІ НЕЛЬГА МЯНЯЦЬ
Куды больш вольна З. Прыгодзіч адчувае сябе ў гутарках з прадстаўнікамі нацыянальнага прыгожага пісьменства. Тут для яго ўсё сваё, усё блізкае, бо і ў самога важкія набыткі ў літаратуры ― аўтар многіх кніг публіцыстыкі, прозы, паэзіі. У свой час на ягоную творчасць звярнуў увагу народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль, а ён быў вельмі строгі ў ацэнках.
З асаблівым пачуццём перагортваеш старонкі жыццёвага і творчага лёсу тых, хто пайшоў ужо ў лепшы свет. Генадзь Бураўкін ― «Век, адведзены мне, я пражыў не дарма…». Васіль Быкаў ― «Літаратура ― гэта вечавы звон». Пра абодвух, асабліва пра В. Быкава, напісана шмат. Нямала друкавалася і інтэрв’ю. Але З. Прыгодзіч ніколькі не паўтараецца, бо ў гаворцы і з Г. Бураўкіным, і з В. Быкавым найперш канцэнтруецца на тым, пра што сказана менш, што абыходзілася ўвагай.
Дарэчы, пад гаворкай з Васілём Уладзіміравічам значацца дзве даты: 1988, 2006. Тут важнае сведчанне З. Прыгодзіча: «Фрагмент гэтага інтэрв’ю […] быў апублікаваны на старонках газеты «Советская Белоруссия». А сёння падаю тэкст у поўным аб’ёме, без усялякіх купюр». Тым больш значная вартасць публікацыі. Гэта лішні раз пацвярджае слушнасць меркавання, што напісанае не прападае марна, напісанае застаецца.
Надзвычай значныя меркаванні В. Быкава пра тое, як стасуюцца між сабой праўда жыцця і праўда мастацтва. Спачатку Васіль Уладзіміравіч адзначыў, што «праўда жыцця ― гэтай той ідэал, да якога імкнецца мастацтва. Рэалістычнае мастацтва, я маю на ўвазе». Пасля развіў думку: «Але справа ў тым, што праўда жыцця настолькі шматгранная, настолькі складаная і глыбокая, што дасягнуць яе ўдаецца далёка не кожнаму і не ў кожным творы. Мы ведаем прыклады, калі ўся творчасць нават вельмі таленавітага мастака (мастака ў шырокім сэнсе слова) з’яўлялася не чым іншым, як менавіта спробай наблізіцца да гэтага ідэалу, да праўды жыцця.
Але, зразумела, кожны набліжаецца па-свойму, у адпаведнасці са сваім талентам. Адзін вельмі блізка, другі ― магчыма, напалову, а трэці робіць толькі першыя крокі ў гэтым накірунку.
Тым не менш у рэалістычным мастацтве, праўда жыцця заўсёды ёсць той ідэал, запаветны арыенцір, да якога яно імкнецца…».
ЧЫМ НЕ ПАДРУЧНІК
У сувязі з гэтым не магу не звярнуць увагу вось на што… Падобную думку выказаў у прадмове да першага тома «Постацяў» А. Карлюкевіч: «Разглядаю кнігу “Постаці…” яшчэ і як варты ўвагі студэнтаў Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта самы сур’ёзны падручнік». Падручнік, дадам, своеасаблівага кшталту. Такі, які дае ўяўленне пра выдатных дзеячаў нацыянальнай культуры. Але адначасова кнігі «Постаці» могуць стаць і падручнікам па журналісцкім майстэрстве. Як лепш задаць суразмоўцу тое ці іншае пытанне, як пры гэтым выклікаць яго на давер… Пра гэта, вядома, З. Прыгодзіч не гаворыць «у лоб». Як не гаворыць і пра тое, што ў гутарках да месца разнастайныя адступленні: публіцыстычныя, аналітычныя, нарэшце, лірычныя. Не падкрэслівае, наколькі да месца меркаванні пра пэўнага суразмоўцу (ці іншых людзей). Меркаванні гэтыя аўтар прыводзіць у свайго роду ўступах да саміх гутарак.
Між іншым гэтыя ўступы ― зусім не традыцыйныя некалькі слоў, прыведзеныя для таго, каб чытач атрымаў агульнае ўяўленне пра канкрэтнага чалавека. Гэта ў пэўнай ступені і занатоўкі да крытычных артыкулаў, і міні-даследаванні, і публіцыстычныя развагі ― як пра творчасць канкрэтнага дзеяча, так і пра яго месца ў часе і прасторы. Такая багатая насычанасць думкамі, развагамі, абагульненнямі таксама пойдзе на карысць тым, хто збіраецца прысвяціць сябе журналістыцы, літаратуры. Але, зноў жа, З. Прыгодзіч не дае гатовыя парады. Усё гэта лагічна вынікае са сказанага ім, і ўсё гэта шмат у чым мае большае значэнне, чым некаторыя лекцыі ў ВНУ.
НАПРОШВАЕЦЦА ПРАЦЯГ
Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, гутарка з якой змешчаная ў першай кнізе «Постацей», афарыстычна вызначыла сутнасць сваёй працы: «Навошта той талент, калі няма сэрца…». Гэтае выказванне добра стасуецца і з тым, чым жывуць, як працуюць, якімі памкненнямі напоўненыя героі ўсіх гутарак З. Прыгодзіча. Талент ― асаблівая катэгорыя. Лепей зразумець ягоную сутнасць дапамагаюць «Постаці…».
Рэцэнзуючы другі іх том на старонках «ЛіМа», я выказаў меркаванне кшталту «добра было б, каб з цягам часу з’явілася трылогія гутарак…» Такая трылогія, як бачым, ужо ёсць. Цяпер, бадай, таксама трэба спадзявацца на працяг. Яшчэ нямала яркіх творцаў, дзеячаў нацыянальнай культуры, гутаркі з якімі будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў.
…Часцей за ўсё новыя гутаркі З. Прыгодзіч апрабоўвае на старонках «Полымя». Рэгулярна знаёмячыся са свежымі нумарамі часопіса, можна напаткаць матэрыялы, якія пакуль у «Постаці» не трапілі. Верагодна, яны і складуць кнігу чацвёртую. Застаецца пажадаць аўтару творчага поспеху.
Алесь МАРЦІНОВІЧ