З Купаллем!
У КУПАЛЬСКУЮ НОЧ
Смяецца поўня зубам пазалочаным,
Кладзецца пад вярбой у стоме дзень –
Суцішаны, натруджаны, находжаны.
А змрок ноч за руку ужо вядзе.
Стракочуць конікі на лузе разнаколерным,
У купал-стог склікаючы сяброў.
Крынічка калыханку задаволена
Спявае для тутэйшых жыхароў.
Зрывае ноч гарлачыкі пахучыя,
Ступае басанож, каб не спужаць
Купальскіх зор. Бо сёння ім даручана
За кветкай шчасця пільна цікаваць.
Таццяна Цвірко
* * *
Помню Гатавічы. Купалле.
Ля кладоў на аголеным беразе
Мы праз вогнішча дзецьмі скакалі —
І найлепшага шчасця не ведалі.
Злосна вецер хістаў полымя…
Мы ў вачах бераглі тыя іскаркі,
Акуналіся ў возера голымі
І начной захапляліся містыкай.
Помню ўсмешкі дзяўчат. Купалле.
Ноч чарнела вуголля палоскаю…
А сяброўкі нам песні спявалі —
Адгукалася рэха за вёскаю.
Кветку папараці шукалі,
Каб спаткаць сваё шчасця да рання.
Помню зорак над намі каралі,
Што ўжо многім спаслалі каханне.
Лёс не дасць у жыцці нам прапасці.
Свет дарослых такі ж прамяністы.
Ды ці зведалі большага шчасця,
Чым агонь трапяткога дзяцінства?
Рагнед Малахоўскі