З гумарам па жыцці
Віктар Сабалеўскі захапляецца гумарам з дзяцінства. Яшчэ падчас вучобы ў школе, прачытаўшы збор твораў Кандрата Крапівы, пад псеўданімам Цішка Калючка ён змяшчаў гумарыстычныя вершы ў школьнай насценнай газеце і ў “Камсамольскім пражэктары”.
Пасля вучобы на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і пяцігадовай працы ў Стаўбцоўскай раённай газеце “Прамень” Віктар Сабалеўскі трапляе на Уздзеншчыну, на радзіму Кандрата Крапівы. А тут актыўнае літаратурнае жыццё ўвогуле і традыцыі класіка сатырычнага жанру на Беларусі ў прыватнасці найлепшым чынам паспрыялі далучэнню Віктара Вацлававіча да гэтага накірунку прыгожага пісьменства. На старонках раённай газеты “Чырвоная зорка” змяшчаюцца яго вершаваныя і празаічныя гумарэскі, жартоўныя вершы, фельетоны, байкі. Такія творы часта друкаваліся і на старонках “Мінскай праўды” і ў “Звяздзе”, у часопісах “Вожык”, “Маладосць” і інш.
У першай кнізе паэта “Чабаровая паляна” (1994) гумарыстычным творам быў адведзены асобны раздзел. А цалкам такой тэматыцы прысвечаны кнігі В. Сабалеўскага “Пра бабу Маню, дзеда Васіля і іншых” (2003) і “Была нядзеля, і мы дудзелі” (2018). А ў кніжку “Казёл у трэндзе”, што нядаўна выйшла з друку, аўтар уключыў новыя байкі, гумарэскі, жартоўныя вершы, у якіх высмейваюцца найбольш яркія заганы нашага жыцця – п’янства, гультайства, зазнайства, марнатраўства, бюракратычны сверб, фанабэрыя, іншыя негатыўныя сацыяльныя з’явы. Дзесьці з лагоднай усмешкай высвечваюцца падобныя хібы, а часам і з’едлівай сатырай аўтар праходзіцца па пэўных жыццёвых сітуацыях.
Уздзенскі журналіст, пісьменнік станавіўся неаднаразовым пераможцам раённых творчых конкурсаў, лаўрэатам Мінскага абласнога фестывалю гумару “Я – пякучка крапіва” (2006), Нацыянальнага фестывалю беларускай байкі (1996), двойчы – дыпламантам рэспубліканскага гумарыстачнага конкурса “Папяровы бусел” (2021, 2022). У 2023 годзе В. Сабалеўскі стаў лаўрэатам ІІ Адкрытага рэспубліканскага літаратурнага конкурса сатырычнай і іранічнай паэзіі (дыплом І ступені) і прозы (ІІ ступені).
Прэс-служба МАА СПБ