Леанід КРЫВАНОС. “Ноч на Гарыні”
Ноч на Гарыні.
Наўкола ўсё спіць.
Месяц з нябёсаў
Маўкліва глядзіць.
Зорнае неба,
Срабрыстая плынь.
Важна нясе
Свае воды Гарынь.
Сцішана ў плаўнях
Шапоча чарот.
Хтось пазяхнуў,
Прыкрываючы рот.
Гэта напарнік
Ваюе са сном.
Думкі пульсуюць,
Нібы метраном.
Мы удваіх
На дзяржаўнай мяжы.
Даляў сваіх
Сцеражэм рубяжы.
Цемра баюкае,
Зводзіць у зман,
Нешта хавае,
Магчыма, падман, –
На тым баку,
За Гарынню-ракой,
Смерць на таку
Меле зброяй спакой.
Некалі нас
Ты яднала – рака.
Добры быў час,
У жыцці – талака.
Толькі цяпер
За Гарынню-ракой
Смерць на таку
Меле зброяй спакой.
Ноч. Цішыня.
– Ты хлуслівая, плынь!
Хвалі трывог
Напаўняюць Гарынь.
______________
* – Гарынь – рака на
беларуска-украінскай граніцы.
Леанід КРЫВАНОС