З ДНЁМ НАРАДЖЭННЯ, КНІГА!

ПІСЬМЕННІКІ МІНСКАГА АБЛАСНОГА АДДЗЯЛЕННЯ ВІНШУЮЦЬ СВАЙГО КАЛЕГУ

АРКАДЗЯ ЖУРАЎЛЁВА

З ВЫДАННЕМ КНІГІ КАЗАК!

КАЗКІ ВУЧАЦЬ ДАБРЫНІ І НАВАТ ЛЕЧАЦЬ

Напрыканцы мінулага года выйшла з друку новая кніга беларускага пісьменніка Аркадзя ЖУРАЎЛЁВА.

На гэты раз аўтар прыйшоў да чытача з кнігай выбраных казак “Чароўныя словы”.

      Кніга адразу прыцягвае ўвагу чытача прэзентабельнай рознакаляровай вокладкай. Аўтар уклаў трынаццаць сваіх лепшых казак, якія былі вельмі прыязна сустрэты юнымі чытачамі часопісаў «Вясёлка», «Рюкзачок», а таксама слухачамі «Вячэрняй калыханкі» Беларускага радыё.
      Цікавасць і займальнасць, разнавобразнасць і разнастайная тэматыка, а таксама жывыя сцэнкі, у якіх удзельнічаюць самі дзеці – гэтым адрозніваюцца творы аўтара, прысвечаныя незвычайным прыгодам хатніх жывёл, клопатам і забавам лясных жыхароў. Казкі вучаць дабрыні і мудрасці, таварысцкасці і павазе да старэйшых, спагадзе да слабейшых, любові да Радзімы, роднага краю – усяго жывога на зямлі.
      Творы лёгка чытаюцца, а вобразы надоўга застаюцца ў памяці: незвычайны конь, адважны верабейка, цікаўная жырафа, руплівы зайка, увішная да ведаў вавёрачка, неўтаймоўны палявы цвыркун ды інш.
      Казкі напісаны як з вопыту ўласнай сям“і аўтара, таксама з назіранняў за
прыроднымі з“явамі, жыццём насельнікаў зялёнай планеты. Ну і, канешне ж, пераважае фантазія, якая апрацоўвае ўбачанае ў звычайным жыцці. Вось, напрыклад, прататыпам дзяўчынкі з загалоўнай казкі «Чароўныя словы» часткова стала ўнучачка аўтара, якая сама некалі была вяртлявым птушаняткам, якое сачыла за ўсім, але не слухалася бацькоў, рабіла ўсё наадварот. І толькі выхаванасць, цярпенне і суладдзе саміх бацькоў зрабілі сваю добрую справу: дзяўчынка хутка зразумела, што такое Дабро і Зло. І зараз ведае не толькі гэтую казку, але ўсю дзядулеву кнігу напамяць, і з непрыкрытай радасцю пераказвае змест сваім сябрам-другакласнікам гімназіі, дзе сама вучыцца.
       Многія казкі самі прыходзілі да аўтара ў сне. Заставалася толькі запісваць.
      Арганічна «гуляюць» па кнізе цікавыя факты, якія і для многіх дарослых будуць цікавымі і пазнавальнымі. Бо цікаўнасць – вельмі добрая для дзіцяці рыса. Паспець ухапіць як мага больш карыснага, разумнага – важна з першых гадоў жыцця. Менавіта казкі, што складаюць новую кніжку пісьменніка вучаць быць добрымі, адказнымі, шчырымі і разважлівымі, умець цаніць тое, што маеш, любіць і шанаваць сваё роднае, дараваць крыўды, радавацца за іншых, берагчы сяброўства. Вучаць жыццю, бо казка – яго міні-мадэль.

      Аўтар не проста расказвае, весяліць дзяцей казачнымі гісторыямі, а заклаў у кожную казку самае галоўнае – духоўныя каштоўнасці і маральныя арыенціры. Нездарма Міністэрства аховы здароўя з ахвотаю выкарыстоўвае казкі А.Жураўлёва на сваіх інтэрнет-парталах як дзейсны сродак ад стрэсаў, стомленасці, бо казкі напаўняюць чытальнікаў пазітыўнай энергіяй. Трэба адзначыць яркае і вельмі трапнае афармленне з мноствам цудоўных каляровых малюнкаў да кожнай казкі выканала мастачка Алена Кучко. Прафесійныя ілюстрацыі робяць чароўны свет аб’ёмістым і блізкім для маленькага чытача, які менавіта з малюнкаў пачынае знаёміцца з кнігаю. Аўтар заклікае юных чытачоў вучыцца…”ад гэтага толькі карысць. І сабе. І людзям. І роднаму краю. А пакульу жыцці кожнага з вас, мае юныя чытачы,будзе      Добрая Фея, якая б змагла прынесці шчасце ўсім дзецям у свеце! Іншага мне не трэба”.

      Кніга мае яшчэ адну істотную і сучасную перавагу: пазначаны на адваротным баку вокладкі QR-код з дапамогай смартфона адашле прасунутага чытача на літаратурны інтэрнет-блог пісьменніка, дзе акрамя казак можна прачытаць многа чаго цікавага і пазнавальнага і для дарослага чытача.
      Застаецца дадаць, што кніга “Чароўныя словы” выканана ў падарункавым варыянце, а значыць невялікім накладам, і тым больш прыцягальная для прачытання.
      З гэтага вынікае і тое, што інвестыцыі ў дзіцячую літаратуру не меней важныя, чым укладанні ў іншыя віды дзейнасці з прыняццем у Беларусі праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва. І пачынаць выхаванне мы абавязаны з нашых дзяцей.

 

ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ