З цёплым летам развіталіся…

За вакном – каля трыццаці градусаў цяпла. А ва ўтульнай літаратурнай гасцёўні “У Паўлюка”, што ў Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса, прахалодна, ціха. Тут у чарговы раз сабраліся пісьменнікі, члены літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, каб падзяліцца апошнімі навінамі, уласнымі дасягненнямі і творчымі планамі.

Амаль кожны выступоўца пачынаў размову словамі: “Нічога асаблівага ў маім жыцці ў апошні час не адбылося. Жыву, пішу, шукаю…” А ў выніку аказалася, што ўжо з пачатку года выдадзена мясцовымі літаратарамі некалькі кніг у дзяржаўных выдавецтвах і ў серыі “Бальзам жывых крыніц” пры бібліятэцы, друкаваліся яны ў літаратурных газетах і часопісах, праведзена шэраг цікавых сустрэч у працоўных калектывах. Больш грунтоўная размова пра агульныя здабыткі адбудзецца напрыканцы года на традыцыйных уздзенскіх “Літаратурных дажынках”, але і цяпер ёсць чым пахваліцца.

Член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Вінагарадаў расказаў пра высокую ацэнку яго рамана “В сорок первом, от горя черном” у нашай краіне і за мяжой, пра тое, што стаў лаўрэатам абласнога літаратурнага конкурса сярод ветэранаў. Такога ж поспеху ўдастоена і Галіна Нічыпаровіч, а яшчэ ў адным з апошніх нумароў часопіса “Гаспадыня” змешчана інтэрв’ю з дзіцячай пісьменніцай, вялікая падборка яе вершаў. Віктар Сабалеўскі выдаў краязнаўчую кнігу “Дом, у якім мы жывём” пра мінулае уздзенскага краю, рыхтуе зборнік гумарэсак, баек, які зацікавіць аматараў сатыры і гумару. Дзецям і дарослым адрасавана кніга Таццяны Гай   “Вдохновение”.

Цікавымі творамі таксама падзяліліся члены літаб’яднання Тамара Каляда, Вольга Бокуць-Чабатарова, Ніна Лятун, Алена Дрэка.

Прэс-служба МАА СПБ