Янка Галубовіч. Шчодрая вавёрка

ЛЯСНЫЯ ПРЫГОДЫ

545-015-галубович-200x309

Ці ведаеце вы, чаму ваўкі пчол баяцца, а з мядзведзямі сяброўства не водзяць? Навошта вераб’і паасобку селяцца, а буслы, наадварот, лічацца самымі гасціннымі птушкамі? Дзе зязюля шукае сваіх дзетак? І нарэшце: чулі калі-небудзь пра палятуху? Трэба хуценька папаўняць «чамадан» ведаў! Казачную энцыклапедыю лясных жыхароў прапануе Янка Галубовіч у сваёй кнізе «Шчодрая вавёрка», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». У выданні няма «сухіх» класіфікацый ці навуковых звестак, але звяры і птушкі «намаляваныя» аўтарам даволі падрабязна і спазнаюцца праз жыццёвыя сітуацыі, у якія трапляюць. Зразумела, як патрабуе жанр, жывёлы размаўляюць, а іх паводзіны вельмі падобныя да людскіх. Адметнасць кожнай гісторыі ў тым, што яна нагадвае байку: у канцы аповедаў змешчаны мудрыя высновы. Таму карысць ад чытання павялічваецца: дзіця вывучае назвы жывёл і птушак, даведваецца, дзе яны жывуць, чым сілкуюцца, як гадуюць малых (неблагая падрыхтоўка да біялогіі), і адначасова — разумеюць, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі.

Лясное жыццё ў кнізе кіпіць не горш за гарадское: птушкі ладзяць вячоркі са смачнымі пірагамі, канцэрты на палянках, высцілаюць гнёзды мяккім пухам, кормяць мошкамі і жучкамі сваіх дзетак, вавёркі актыўна запасаюцца на зіму ягадамі, арэхамі і жалудамі. Усё, як быццам, ідзе сваім шэрагам. Але на чым трымаецца ў кнізе жывёльны свет? Як і наш, чалавечы, — на дабрыні. Янка Галубовіч стварае такую атмасферу, нібы сам, асабіста, ведае звяроў, пра якіх гаворыць, нават сябруе з імі. Казкі ўспрымаюцца не як чароўныя прыдумкі. Таму ў гэтыя гісторыі верыш.

Марыя ВОЙЦІК

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/08/34-2015.pdf