Як дзеткі стваралі сваю “Добрую кнігу”
Добрая кніга аб’яднала на мінулым тыдні выхаванцаў летняга лагера СШ № 40 г. Мінска і пісьменнікаў Таццяну Каленік і Яўгена Пясецкага ў філіяле сталічнай бібліятэкі № 3 імя У. Маякоўскага.
Адбылося ўрачыстае адкрыццё тэматычнай кніжнай выстаўкі. Маленькія чытачы даведаліся, якія творы пішуць сучасныя літаратары. Таццяна Каленік падзялілася вопытам, як і якія ілюстрацыі яна малюе да сваіх твораў, а таксама да кніг іншых пісьменнікаў. У сваю чаргу Яўген Пясецкі расказаў пра прафесію фотакарэспандэнта і як яна дапамагае пісьменніку здымаць дзівосныя фота для кніг, часопіса “Родная прырода” і іншых выданняў.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем пазіравалі перад яго фотакамерай і з цікавасцю гарталі старонкі часопіса. І здавалася, што змешчаныя там зімовыя краявіды асабліва астуджалі цяперашнія спякотныя дні.
Аднак, якое ж цёплае лета, без добрай кнігі? Маленькія чытачы на нейкі час самі пераўвасобіліся ў адказных пісьменнікаў і ілюстратараў. Па прапанове старэйшых яны паспрабавалі стварыць першую ў жыцці добрую кнігу сваімі рукамі. “Ты прыгожая, Беларусь!”, “Люблю матулю… тату… брата…” ‒ выводзілі хлопчыкі і дзяўчынкі старанна і шчыра. Яны натхнёна-сцішана малявалі планету Зямля, Краіну Беларусь, сям’ю, кветкі, кашлатых сяброў.
Зараз пабачыць зробленую імі “Добрую кнігу” можна на фотаздымках Яўгена Пясецкага, альбо на паліцах маляўнічай, напоўненай сакавітымі фарбамі лета бібліятэчнай выстаўцы.
Прэс-служба МАА СПБ