З літаратурнага жыцця Дзяржыншчыны

Літаратурная спадчына Міншчыны – гэта шматгранны алмаз айчыннай культуры. І сярод адметных граняў бліскучага мастацкага слова побач з класікамі беларускай літаратуры, прызнанымі пісьменнікамі, знаходзяцца аматары прыгожага пісьменства.

У маі бягучага года ў Выдавецкім доме “Звязда” пабачыла свет кніга пад назвай “Чалавек з маёй біяграфіі”. Яе ўкладальнік – дзяржынскі краязнаўца і літаратуравед Вацлаў Матусевіч. У кнізе сабраны творы Ігара Хадановіча – таленавітага журналіста і пачынаючага пісьменніка пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, успаміны яго сучаснікаў і знаёмых.

Ужо з першых сваіх твораў ён заявіў пра сябе як удумлівы, закаханы ў свой родны край творца, якога Уладзімір Караткевіч лічыў “неабыякавым празаікам”. Але на дваццаць шостым годзе жыцця Ігар Піліпавіч выпадкова загінуў ад рукі злачынцы. Так абарваўся лёс не толькі маладога чалавека, але і пагасла зорка, якая толькі пачала ўзыходзіць на небасхіле айчыннай літаратуры. Ігар Хадановіч не паспеў афіцыйна аформіць свае адносіны з Саюзам пісьменнікаў, але як адзначыў у прадмове да кнігі кіраўнік сучаснага Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч: “Ігар Хадановіч і тады быў, і цяпер застаецца мастацкай, грамадзянскай з’явай. Вы толькі ўчытайцеся ў яго апавяданні і нават нарысы”. А для гэтага трэба звярнуцца да творчай спадчыны пісьменніка, якой надалі новае дыханне укладальнік кнігі, аўтары ўспамін і Выдавецкі дом “Звязда”.

Знайсці кнігу “Чалавек з маёй біяграфіі” можна ў Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая плануе шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі творчай спадчыны Ігара Хадановіча. Удзел у іх прымуць і пісменнікі Міншчыны.

 

Прэс-служба МАА СПБ