Выхаванне казкамі
Свет дзяцінства і дарослы свет ― гэта нібы дзве розныя краіны, грамадзяне якіх жывуць па сваіх законах. Праўда, можна сказаць, што паміж імі дзейнічае бязвізавы рэжым, магчымасцямі якога бацькі не заўсёды карыстаюцца напоўніцу. У той час, калі дзеці вымушаны пастаянна вандраваць на «дарослую тэрыторыю», іх мамам і татам часта патрэбна адмысловая нагода для сустрэчы на прасторах дзяцінства. Такой нагодай, безумоўна, становіцца сумеснае чытанне казачных гісторый. Сёння мы прапануем вашай увазе дзіцячыя кнігі, якія зусім нядаўна выйшлі ў свет у Выдавецкім доме «Звязда» і якія ўжо можна знайсці на паліцах кнігарняў.
Дапаможнік па дабрыні
Новая кніга казак Дзмітрыя Саўчыка «Кола часу» сапраўды насычана дабрынёй. Аўтар нібы ствараў своеасаблівы «дапаможнік» па дабрыні і гармоніі з адпаведнымі прыкладамі-ілюстрацыямі да розных выхаваўчых пасылаў, якія, зрэшты, нават агучаны ў канцы як «мараль»: «сяброўства – вось сапраўдны скарб» («Лумпель-Флумпель»), «сяброўства — налепшае з цудаў» («Восеньскі мастак»); рабіць добрыя справы нашмат больш прыемна, чым шкоднічаць («Хуліганы»), зайздрасць — дрэнны стан («Хмарка-свавольніца»), празмерная цікаўнасць да чужых спраў — дрэнная якасць («Бяздонны калодзеж»); любоў — найвялікшая сіла («Асьміног-летуценнік»), дабро перамагае зло («Казачны адвакат»). І нават больш адрасаваная бацькам, чым дзецям, казка «Праўдзівае люстэрка» ілюструе тэзіс аб тым, што для таго, каб выхоўваць сваіх дзяцей, дарослым трэба найперш выхаваць сябе.
Пачынаючы чытаць кнігу Дзмітрыя Саўчыка, сапраўды трапляеш у кола часу. Сюжэты, героі і абставіны адсылаюць нас у казачны свет, створаны папярэднімі пакаленнямі. Матывы класічных ужо казак нямецкіх рамантыкаў («Канцэртны касцюм»), міфаў старажытнай Грэцыі («Асміног-летуценнік») неверагодным чынам перапляліся з уласнымі мастацкімі вынаходніцтвамі аўтара. У кнізе выкарыстоўваецца пазнавальны «казачны апарат»: сон і калодзеж як выхад у іншасвет; бескарыслівасць і сумленнасць у супрацьстаянні спакусе матэрыяльнымі выгодамі; слёзы як жывая вада; правіла трох разоў; лес як лабірынт падсвядомасці.
Усяго ў кнізе чытарнаццаць казачных гісторый. Казка «Кола часу», якая і дала назву кнізе, бадай, самая цікавая і загадкавая. Гэта лабірынт, блукаючы па якім кожны чытач знойдзе ўласнае выйсце. Як і галоўны герой італьянскі вынаходнік Бароджыа. Між тым, нягледзечы на тое, што кніга адрасаваная дзецям малодшага школьнага ўзросту, яе можна падзяліць умоўна на дзве часткі: казкі для дзяцей і казкі для дарослых (дзяцей). Тры гісторыі («Канцэртны касцюм», «Начны трамвай», «Медныя вароты») аніяк не могуць адрасавацца дзецям. Наўрад ці тэмы азартных гульняў, глыбокага творчага крызісу, злоўжывання ўладай над іншымі людзьмі ці спосабаў заваявання прыхільнасці жанчыны падыходзяць для ўспрымання азначанай у анатацыі ўзроставай катэгорыі. Гэтыя гісторыі лепей пакінуць для бацькоў.
Дапаможнік па сяброўстве
Новая казачная аповесць Генадзя Аўласенкі «Малпачка – дачка нябеснага дракона» створаная ў кантэксце дыдактычных традыцый беларускай дзіцячай літаратуры. Галоўная гераіня Малпачка насамрэч зусім не з’яўляецца дачкой Нябеснага Дракона, уладара ўсяго неба. Яна выдумала гэта, каб падацца сваім новым сябрам зайчанятам Вушасціку, Таўстуну і Карапузіку больш значнай і важнай. Зыходзячы з легенды пра сваё каралеўскае паходжанне, Малпачка прымусіла зайчыкаў слугаваць ёй, парушаючы тым самым этычныя коды сяброўства. Пакрыўдзіла Малпачка і сваю гаспадыню — маленькую дзяўчынку, бо менавіта яе абвінаваціла ў найвялікшай бядзе: нібыта дзяўчынка — сапраўдная злая чараўніца, якая і пераўтварыла прынцэсу, дачку Нябеснага Дракона, у брыдкую малпачку.
Пасля таго, як новыя сябры адмовіліся прыслужваць маленькай падманшчыцы, яна паспрабавала завесці сяброўства з лісой, воўкам і мядзведзем. Аднак першыя двое разглядалі Малпачку толькі як магчымыя абед або вячэру, а мядзведзь, абураны несумленнымі паводзінамі ўдаванай прынцэсы, урэшце яе прагнаў…
Аўтар спрабуе падвесці сваіх чытачоў да думкі, што сяброўства можа быць толькі шчырым і бескарыслівым і грунтавацца на ўзаемнай павазе. Тэма для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якім адрасаваная кніга, сапраўды вельмі важная. Менавіта ў гэты перыяд свайго дзяцінства яны апынаюцца ў новым калектыве і сутыкаюцца з праблемай наладжвання прыязных сяброўскіх стасункаў з аднакласнікамі і настаўнікамі.
Аднак аўтар, на мой погляд, усё ж прапусціў у сваёй кнізе некалькі старонак. Напрыклад, нялішнім было б патлумачыць, чаму Малпачка збегла ад гаспыдыні і зрабілася раптам «няўдзячнай манюкай і самазадаволенай эгаісткай». Такім жа непаслядоўным з пункту гледжання развіцця сюжэта і псіхалагічна нематываваным падаецца і раптоўнае перавыхаванне, калі Малпачка коштам уласнага жыцця ратуе ад лісы і воўка Вушасціка і заяўляе, што больш «не жадае быць такой, як раней». Педагагічны пасыл сфармуляваны дакладна і ясна ў выказванні галоўнай гераіні: «А зразумела я тое, што казаць праўду куды прыемней, чым увесь час маніць! І рабіць добрыя справы лепш, чым здзяйсняць кепскія ўчынкі!» Але чаму Малпачка прыйшла да гэтай высновы (да якой насамрэч павінен прыйсці маленькі чытач або слухач самастойна), на жаль, застаецца незразумелым.
Дапаможнік па беларускай рэчаіснасці
«Як Шубуршун мурашоў-чужынцаў выратаваў» — чарговае выданне ў адукацыйным праекце Алеся Карлюкевіча. Назваць цыкл кніг пра маленькую міфічную істотку Шубуршуна і дзяўчынку Вераніку менавіта адукацыйным праектам мне падаецца лагічным, паколькі доля адукацыйнага складніка ў гэтых кнігах сапраўды вельмі вялікая. Часам гэта крыху замінае развіццю сюжэта, запавольваючы яго хаду, але па вялікім рахунку адпавядае пастаўленай задачы, якая гучыць так:«Многія веды, якімі валодае Шубуршун, могуць спатрэбіцца і вам, дарагія чытачы».
Новая кніга прысвечана воднаму падарожжу Шубуршуна праз беларускія рэкі на тэрыторыю Украіны. Праўда, падарожжа гэтае ён ладізць не дзеля ўласнай прыемнасці, але каб выканаць важную місію — вярнуць на радзіму прышлых мурашоў.
Прыемна ўражвае ў гісторыях пра Шубуршуна арыентацыя на беларускую сучаснасць — культурную і геаграфічную. У гэтай кнізе не сустрэнеш эльфаў, драконаў і гатычных замкаў, затое абавязкова атрымаеш экскурсію па Свіслачы, Балачанцы, Бярэзіне і Нарачы. Агучваюцца і назвы беларускага расліннага свету, у сувязі з чым закранаюцца пытанні экалагічнай адукацыі. Акрамя гэтага, чытачы пазнаёмяцца з дзядулем Фенолагам і даведаюцца, што такое феналогія, паразгадваюць разам з мурашамі беларускія загадкі. Закранаюцца ў кнізе і моўныя пытанні: Шубуршун распачынае ў сваёй рачной школе выкладанне беларускай мовы для мурашоў-украінцаў і з захапленнем падкрэслівае яе лексічную непаўторнасць і мілагучнасць. Арыентацыя на беларускую рэчаіснасць не перашкаджае аўтару ўводзіць у кантэкст міфы, легенды, паданні, песні і нават кулінарныя традыцыі розных народаў свету.
Асобна трэба вылучыць прапанаваную А. Карлюкевічам рыфмаванку для расшыфроўкі колераў вясёлкі, якая з’яўляецца адной з самых удалых з шэрагу прапанаваных сучаснымі беларускімі пісьменнікамі варыянтаў:
Чараўнік аднойчы жартаваў —
Змеяў бляскам сонца фарбаваў.
Дапаможнік па досціпах
Раман Наталлі Марчук «Асцярожна, злыя гобліны!» выразна адрозніваецца ад усіх разгляданых вышэй і прадстаўляе іншую тэндэнцыю ў развіцці сучаснай прыгодніцка-казачнай літаратуры для дзяцей.
Кніга, на мой погляд, мае сваёй мэтавай аўдыторыяй дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Атмасфера, якая пануе ў рамане, сучасная настолькі, як і ўся медыяпрастора, што атачае цяперашніх падлеткаў: поліфанічнасць, інтэртэкстуальнасць, перафраз. Празмерная і відавочная дыдактычнасць, якая пераважае ў беларускай дзіцячай літаратуры, падаецца сучасным падлеткам сумнай, таму раман Наталіі Марчук адназначна будзе прачытаны з цікавасцю!
Класічныя казачныя героі — кароль, прынцэса, злыя гобліны, прывіды і піраты — атрымліваюць нехарактэрныя для іх якасці, у выніку чаго ўсё перакульваецца ў тэксце дагары нагамі, захоўваючы вонкавую адданасць класічным казачным сюжэтам. Менавіта дзякуючы гэтаму дасягаецца камічны эфект, а смехам, іроніяй, жартамі пранізаны ўвесь раман, і нават самы старажытны культурны артэфакт можа стаць закладнікам трапнага досціпу.
Пэўная праблема, на мой погляд, палягае ў тым, што для таго, каб зразумець іронію, трэба для пачатку ведаць, якая рэалія ляжыць у яе аснове. Знакамітая прыгажуня Клеапатла, што атрымала сваё імя за прыгожыя патлы, і прыдворны прадказальнік Настрамамус (Настрямамус на мове арыгінала), і карабель прывідаў «Лятучы ірландзец» – гэта смешна, калі ведаць пра Клеапатру, Настрадамуса і «Лятучага галандца». Калі ж першасная інфармацыя ў чытачоў адсутнічае, то можа адбыцца падмена паняццяў. І гэта, магчыма, не хавае ў сабе вялікай небяспекі, калі прадмет іроніі, так бы мовіць, этычна нейтральны. Іншая рэч, калі «ахвярай» досціпу (у сучаснай падлеткавай поп-культуры гэта называецца сцёбам) становіцца тэма, якая знаходзіцца ў пэўных этычных межах.
У сувязі з гэтым варта асобна ўзгадаць аднаго з персанажаў рамана – незаганную панну Глюкерыю. Два гобліны Зэдлік і Гэдлік спрабуюць зразумець, што азначае выслоўе «незаганная панна». Цытату прывяду на мове арыгінала:
«Я так понимаю, — просвещал друга Зедлик, — что непорочная дева — это которая не порочит никого, с кем появляется. С ней, в общем, не стыдно на людях показаться.
Гедлик кивнул: — Получается тогда, что порочная дева всех порочит. Видно, ведет себя так, что порядочному человеку с ней в гости не пойти. Может, икает за столом или плюется».
Тут не вядзецца пра рэлігійныя пачуцці, адсутнасць або наяўнасць якіх з’яўляецца асабістай справай кожнага чалавека. Мне падаецца, што варта весці гаворку пра парушэнне меры этычнай адказнасці, якую бярэ на сябе кожны пісьменнік, выпускаючы ў свет кнігу для дзіцячай аўдыторыі.
Можна запярэчыць, што раман «Асцярожна, злыя гобліны» не пазначаны ў анатацыі як дзіцячая кніга. Аднак дыскурс, у якім гэты твор існуе, адназначна ў кантэксце дзіцячай літаратуры. Мабыць, ёсць такія выпадкі, калі нават самы дасціпны і таленавіты жарт усё-ткі не мае быць агучаны. Асабліва ў тэксце дзіцячай кнігі.
І нарэшце: мне заўсёды падавалася несправядлівым тое, што зазвычай па-за ўвагай застаецца выдатная праца мастакоў, чые ілюстрацыі аздабляюць дзіцячыя кнігі. Усім дарослым людзям, якія чытаюць кнігі разам са сваімі дзецьмі або ўнукамі, вядома, што вельмі цяжка затрымаць увагу дзіцяці на старонцы без малюнка. Магчыма, імёны мастакоў Ганны Каралёвай («Кола часу»), Марыі Міцкевіч («Малпачка — дачка нябеснага дракона») і Марыі Каратаевай («Як Шубуршун мурашоў-чужынцаў выратаваў») павінны быць на вокладцы побач з імёнамі аўтараў.
Жанна КАПУСТА