Мы – разам!

Пісьменнікі Міншчыны прымуць актыўны ўдзел у рабоце II з’езда пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, які адбудзецца 14 кастрычніка ў Маскве. Прасцягі творчых стасункаў і зараз маюць шырокае кола супрацоўніцтва. Напрыклад, падчас правядзення Дня беларускага пісьменства з удзелам прадстаўнікоў Мінскага абласнога аддзялення СПБ у Мінску было заключана пагадненне з Клубам пісьменнікаў Каўказа аб павелічэнні творчага ўзаемаабмену літаратурнымі здабыткамі, больш плённага перакладу твораў майстроў слова як на беларускую мову, так і на мовы шматгалосага Каўказа.

Літаральна днямі адбыўся новы творчы кантакт. На гэты раз у полі зроку літаратурнага сяброўства паўстала асоба Героя Савецкага Саюза Асмана Касаева. У кастрычніку бягучага года слыннаму сыну карачаева-чаркескага народа спаўняецца 100 гадоў. З гэтай нагоды Беларусь наведалі прадстаўнікі тэлерадыёкампаніі Карачаева-Чаркесіі, каб зняць фільм у гонар знамянальнай даты легендарнага партызанскага камандзіра. Сваю прыхільнасць да нашай агульнай гістарычнай памяці ўзнёслымі радкамі выказалі паэткі Людміла Круглік і Рэгіна Рэўтовіч, а вядомы беларускі паэт і выканаўца сваіх твораў Кастусь Цыбульскі падмацаваў беларуска-карачаеўскае сяброўства песней “Мы — разам!”.

Лейтматыў “Мы – разам!” будзе гучаць і ў дзень работы з’езда пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ў Маскве. Міншчыну на ім прадставяць вядомыя творцы Зіновій Прыгодзіч, Ірына Карнаухава, Сяргей Клімковіч, Валянціна Гіруць-Русакевіч, Кастусь Цыбульскі, Аляксей Шаўцоў, Алена Стэльмах. Узначаліць дэлегацыю Мінскага абласнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі знакаміты літаратуразнаўца Алесь Карлюкевіч, чый уклад ва ўмацаванне літаратурнага пабрацімства, а разам з тым і сяброўства паміж народамі, адзначаны прэміяй Саюзнай дзяржавы.

Алена Стэльмах