Выбраны найлепшыя апавяданні, дасланыя ў «Звязду»

Адзін з адметных праектаў, якія выходзяць на старонках нашай газеты, — гэта конкурс апавяданняў. Мы атрымліваем дастаткова шмат вашых допісаў, выкананых у гэтым жанры, і самае лепшае публікуем на старонках выдання. Тым самым імкнёмся намацаць і падтрымаць планку добрай літаратуры. Дзякуй усім, хто паўдзельнічаў у конкурсе: лічым, што такая спроба — гэта ўжо перамога. Але вызначыць тройку (нават чацвёрку!) найлепшых нам усё-такі давялося — і мы зрабілі гэта з прыемнасцю! Дарэчы, сёлета гэта рабіла надзвычай кампетэнтнае журы, якое ўзначаліў вядучы конкурсу Алесь Бадак, вядомы пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». А чыталі і судзілі конкурсныя творы галоўныя рэдактары літаратурна-мастацкіх выданняў нашага Выдавецкага дома: Аляксей Чарота («Нёман»), Ларыса Цімошык («ЛіМ»), Алена Мальчэўская («Полымя»), Святлана Воцінава («Маладосць»).

Такім чынам, першае месца ў конкурсе апавяданняў заняла Кацярына Захарэвіч, з чым мы яе і віншуем! Аўтарка рэгулярна друкуецца і на старонках часопіса «Маладосць» — таму, нягледзячы на малады ўзрост, паспела зразумець, што патрэбна чытачу, і адшліфаваць майстэрства. Вось што ў прадмове да апавядання Кацярыны Захарэвіч «Морзэ на барвовай труне» адзначыў Алесь Бадак: «Маладосць — не загана, а ў літаратурнай творчасці і пагатоў. І думаецца, што такое настраёвае, светла-шчымлівае апавяданне, якое Кацярына даслала на конкурс «Звязды», можна напісаць толькі ў маладым узросце, калі яшчэ жыве ў душы своеасаблівае, дзівоснае, ні з чым не параўнальнае адчуванне хараства свету, на які пасля, набываючыся таго самага жыццёвага вопыту, мы ўсё часцей глядзім цераз прызму сваіх шматлікіх праблем і клопатаў». Усе члены журы былі аднагалосныя ў тым, што гэтым разам Кацярына Захарэвіч аказалася найлепшай.

Другое месца — у Марыі Шэбанец (яна ж — Марыя Бельская). Не так даўно ў яе выйшла дэбютная кніга вершаў «Таямніца». І вось ужо даволі ўпэўнена яна заяўляе аб сабе як малады празаік. Аўтарка кажа, што з 12 гадоў пачала спрабаваць сябе ў літаратуры. Яна шмат чытае з дзяцінства, таму акурат кнігі іншых натхнілі яе, каб штосьці ствараць самой. У будучыні яна плануе напісаць раман. Вось што кажа з гэтай нагоды Алесь Бадак: «Што ж, можа, якраз перамога апавядання «Краем вока» ў конкурсе «Звязды» і стане «апошнім штуршком», каб пачаць гэты самы раман? Пакуль жа ў творчым асяроддзі Марыя больш вядомая як паэтка, Марыя Бельская. Змена прозвішча — як пачатак новага этапу, у дадзеным выпадку, вядома, гаворка ідзе пра заняцце літаратурнай справай. І вершы Марыі Бельскай сваім светабачаннем, мяккай лірычнасцю, сапраўды, вельмі не падобныя на фантастычную, сюжэтна напружаную прозу Марыі Шэбанец».

Трэцяе ганаровае месца журы вырашыла прысудзіць Сяргею Белаяру, з чым мы яго і віншуем. Яго касмічныя матывы ў апавяданні «Спадарожнік» не пакінулі абыякавымі членаў журы. Яны, відаць, таксама марачы пабываць дзесьці ў далёкіх галактыках, абралі гэтага аўтара ў тройку лідараў. Вось што адзначае Алесь Бадак: «Сяргей Белаяр скончыў гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна, але калі вырашыў паспрабаваць свае сілы ў літаратурнай творчасці, то думкамі накіраваўся не ў сівую мінуўшчыну, а ў далёкі космас. І трэба прызнаць, што тут ён знайшоў сябе як творцу, пра што сведчаць яго перамогі ў розных літаратурных конкурсах». Такім чынам, да ліку перамог можна дадаць яшчэ адну — як не бачаную раней зорку да карты начнога неба.

Спыніцца на тройцы лідараў членам журы ўсё ж такі не ўдалося. Было вырашана прысудзіць яшчэ і заахвочвальны прыз. Яго атрымлівае Святлана Лактыш за твор «Цыркачы». У яе апавяданні разгортваецца няпросты свет узаемаадносін блізкіх людзей, а ўсе дзеянні адбываюцца… у судзе! У гэтым даволі невялікім творы па-майстэрску паспявае разгарнуцца досыць закручаны сюжэт. Здрады, адкрыццё таямніц, прызнанні — усё гэта можна знайсці ў творы. «Апавяданне «Цыркачы» найперш звяртае на сябе ўвагу сацыяльнай і маральнай завостранасцю, — адзначае старшыня журы, — пераконваючы чытача ў тым, што і «тысяча першы» рэцэпт, як пазбавіцца ад нялюбага мужа, звычайна прыводзіць да сумнага фіналу, калі дзеля дасягнення мэты даводзіцца ісці на злачынства». Вось такая проза жыцця стала добрай літаратурнай прозай.

Дзякуем усім, хто даслаў свае апавяданні на конкурс «Звязды». Упэўнены, што кожная новая спроба — гэта крок наперад. І адзін з іх абавязкова апынецца на вяршыні. А сёлетніх пераможцаў яшчэ раз віншуем з іх вікторыяй! І неўзабаве чакаем на ўзнагароджванне ў рэдакцыю «Звязды».

Ніна Шчарбачэвіч

Крыніца: Звязда