Важкая скарбонка Дзмітрыя Вінаградава

У перадапошні дзень зімы ў актавай зале Палаца культуры адзначыў сваё 75-годдзе вядомы на Уздзеншчыне пісьменнік, краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрый Вінаградаў.

Ураджэнец Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці пераехаў ў наш раён на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Па адукацыі будаўнік, які прайшоў шлях ад рабочага да намесніка старшыні райвыканкама па будаўніцтве, сваю творчую біяграфію ён распачаў менавіта ва Уздзе. 15 гадоў таму выйшла з друку яго першая кніга, а сёння на рахунку Дзмітрыя Леанідавіча 25 кніг паэзіі і прозы. У яго пісьменніцкай скарбонцы творы розных жанраў: вершы і казкі, апавяданні і эсэ, аповесці і дакументальныя біяграфіі. З творчасцю нашага земляка мелі магчымасць пазнаёміцца рускамоўныя чытачы з Расіі і Германіі, Аўстрыі і Ізраіля, іншых краін – пра гэта сведчаць звыш 50 дыпломаў, грамат, пасведчанняў пераможцы і лаўрэата многіх рэспубліканскіх, усерасійскіх і міжнародных конкурсаў.

З творчай і жыццёвай біяграфіяй Д. Вінаградава пазнаёмілі прысутных відэафільм з фотаздымкамі віноўніка ўрачыстасці, выступленні гасцей, вядучая мерапрыемства. Падзяку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама агучыла юбіляру галоўны спецыяліст Кацярына Іванова. Ад імя старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі грамату рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ўручыла Дзмітрыю Леанідавічу старшыня Мінскага абласнога аддзялення творчай суполкі Святлана Быкава.

Цёпла павіншавалі юбіляра калегі па пяру – сябры з літаратурнага аб’яднання “Нёманец” і суседзі з Дзяржынскага паэтычнага клуба “Выток”. Запалі ў душу прысутным і словы пажаданняў ад прадстаўнікоў раённых арганізацый ветэранаў, Саюза афіцэраў, былых калег па рабоце ў будаўнічай арганізацыі.

Асобнай старонкай у віншавальнай праграме стала дзіцячая тэматыка. У скарбонцы Д. Вінаградава 12 кніг для юных чытачоў. Вершы паэта чыталі гімназісты, а супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі інсцэніравалі яго кніжку “Вясёлая сямейка” і казку “Чаму кот з сабакам не сябруе”.

А асаблівую асалоду атрымаў творца пасля таго, як на сцэну падняліся яго дзеці, унукі, праўнукі – вершы, песні ў іх выкананні расчулілі не толькі віноўніка ўрачыстасці, але і ўсіх гледачоў. Кветкі, словы ўдзячнасці і найлепшыя пажаданні атрымала ў гэты дзень і жонка Дзмітрыя Леанідавіча Ганна Адамаўна, якая ўжо вось на працягу 48 гадоў стварае для творцы надзейны тыл і спрыяе яго творчым памкненням.

50 гадоў – гэта старасць маладосці, 75 – маладосць старасці. Удзельнікі і госці мерапрыемства пажадалі юбіляру яшчэ доўга заставацца маладым душой і радаваць жыхароў Уздзеншчыны, усяе Беларусі новымі творамі, а Д. Вінаградаў паабяцаў сустрэцца ў такім жа сяброўскім коле ў гэтым жа Палацы культуры праз пяць гадоў.

Віктар САБАЛЕЎСКІ