Валянціна Гіруць-Русакевіч

Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна (1953 – 2021)

Нарадзілася ў вёсцы Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працавала ў валожынскай раённай газеце “Працоўная слава”, узначальвала аддзел інфармацыі і работы з насельніцтвам Валожынскага райвыканкама, была кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Валожынскага раённага цэнтра культуры.

Паэтэса. Аўтар кніг паэзіі: “Я адкрываю вам душу” (1996), “Пад зоркаю лёсу” (1999), “Мовай сэрца” (2008), “На нітцы часу” (2018), кніг для дзяцей “Каляровыя вятры” (2011), “А ці ведаеце вы?” (2013). Аўтар песенных тэкстаў зборніка вакальных твораў “Беларусанька” кампазітара Уладзіміра Гаркушы (2011).

Уладальнік дыплома ІІ ступені “Лепшы твор 2011 года” Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу у галіне песеннага жанру (2012). Лаўрэат Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі “Паэзія” (2011) і ў намінацыі “Дзіцячая і падлеткавая літаратура” (2015). Узнагароджана медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру” (2012). Прысвоена званне “Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі” (2014).