В.Кажура. Азбукоўнік
У суаўтарстве з чытачом
Ці шмат вы ведаеце навуковых дапаможнікаў, якія можна было б назваць цікавымі для шырокага кола чытачоў? Звычайна навука занадта сумная для дзіцяці і вузка скіраваная для дарослага. Але чарговая кніга Віктара Кажуры “Азбукоўнік” (Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”, 2015 год) – цікавая спроба аб’яднаць займальныя і карысныя матэрыялы пад адной вокладкай.
Звяртаючыся да лепшых традыцый народнай і прафесійнай педагогікі, В.Кажура прапануе дзецям і бацькам, вучням і настаўнік – усім разам – даведацца гісторыю ўзнікнення літар, заняцца вывучэннем беларускага правапісу, папоўніць лексічны і фразеалагічны запас, пазнаёміцца з цікавымі асобамі і іх выказваннямі, разгадаць загадкі, крыжаванкі і рэбусы:
Праз горы, даліны,
Праз тысячы сёл
З далёкай краіны
Вярнуўся пасол.
Спаважны, чыноўны,
Ён стаў на страсе,
У ботах чырвоных,
Каб бачылі ўсе.
Аўтар увесь час знаходзіцца ў цеснай сувязі з чытачом, засяроджвае ўвагу на галоўных тэарэтычных паняццях, задае пытанні і далікатна падводзіць да правільных адказаў. А маленькія чытачы ў працэсе забаў-навучання становяцца яшчэ і суаўтарамі кнігі, пакуль пішуць уласныя гісторыі пра літары, малююць іх выявы і складаюць вершы. Прыкладам для іх сталі тэксты В.Зеньчык, А.Прохаравай, М.Рыжанковай, А.Собаля і Д.Філімонавай.
Дарослыя чытачы знойдуць у “Азбукоўніку” свайго сябра-метадыста. Афарызмы, правілы, пераказы, пераклады, падабраныя аўтарам-педагогам, – сапраўдная знаходка для тых, хто не проста вучыць беларускай мове, але і выхоўвае патрыётаў: “А яшчэ быў у Беларусі такі сусветна вядомы род, як Радзівілы. Хто яны? Якімі былі гэтыя людзі? Пра гэта мы даведаемся, калі напішам дыктант”.
Гэта кніга – яшчэ і прыклад мастацкай творчасці члена Саюза пісьменнікаў. Вершы-прывітанні, даступна напісаныя артыкулы, цікавыя культуралагічныя матэрыялы створаны з вялікай павагай і любоўю да Беларусі.
Магчыма, камусьці не спадабаецца некаторая несістэматычнасць падачы матэрыялу, аднак яе аўтар не прэтэндуе на энцыклапедычнасць, вызначаючы ўласны твор як кніжку-чытанку. І паверце: чытаць яе можна з задавальненнем!
Бажэна Мацюк