У вянок Янку Купалу. Эльвіра Ярчак

У вянок Янку Купалу  

Эльвіра Ярчак

У вянок Янку Купалу  

Лета зёлкі збірае ў лесе,
Карагодзіць з дзяўчатамі ў полі,
І спяваюць нам жаўранкі песні
Аб тваёй нешчаслівае долі.
Дуб галінкі ўзнімае да неба,
І вярбінка ў Вязынцы плача,
Што паэта зямлі нашай трэба
З тваім сэрцам, Купала, гарачым.
Бараніла каб слова паэта
І ў гэтым стагоддзі, і ў новым
Беларусь, што ў прасторах Сусвету,
Нібы светлы лісточак кляновы.
А цябе гэтак рана не стала
У віхуры ваеннай навалы,
Беларусь цябе не ўратавала,
Наш паэт і прарок, наш Купала.
І шукаем мы папараць – кветку
У Акопах тваіх, ля крыніцы,
У тваё 130-е лета
Каб паэзіяй зноў наталіцца.

Музей Я. Купалы ў Мінску

Сардэчнай цеплынёй сагрэты
Купалаў парк, яго музей –
Сядзіба слыннага Паэта
Сягоння ў славе і красе.
Час немалы, гады праходзяць,
А дух яго і сёння тут,
З журботай аб сваім народзе:
Ён бачыць нашу немату,
Сумуе, калі мы не ўмеем
Па-беларуску гаварыць.
Каліна каля хаты спее,
І явар золатам гарыць.
А каля Свіслачы халоднай
Яліны строгія стаяць.
Ды пра трагічны лёс народа
На жаль, не могуць расказаць.
А бачылі яны нямала:
У даваенныя гады
Да іх прыходзіў сам Купала,
Стаяў задумны ля вады.
А ў сорак першым развітаўся
З прытулкам мілым назаўжды
І слёз стрымаць, як ні стараўся,
Не змог Купала наш тады,
Бо сэрцам адчуваў: не ўбачыць
Ужо ён гэты родны кут…
А лёс жалейкаю заплача
Над тым, каго няма ўжо тут,
Над тым, хто больш за ўсё на свеце
Любіў свой край і свой народ.
Пакуль жа сонца ў вокны свеціць,
Жыццё не спыніць калаўрот.
Жыццё і сёння вырашае,
Чыё імя для нас мілей,
А Дом Купалаў запрашае
На свой выдатны юбілей.

У Вязынцы на Купалле

Вецер сумна шуміць, не пяе,
Разганяючы гора – нуду,
Пра шляхі і дарогі мае,
Па якіх я ўжо не прайду,
Каб купальскія зёлкі сабраць,
Каб унукаў сваіх прывітаюць.
Ды вясёлым Купалавым днём
Мы з дзяўчатамі песні спяём,
Пасядзім ля ягонай ракі,
Як няўдачнікі – рыбакі.
Будуць яблынькі ў рэчку глядзець,
Будзе неба над намі сінець,
І бясконцы зялёны абшар
Нам падорыць Купала – пясняр
Тут Анёл сваім светлым крылом
Закрануў той святы вадаём,
Ля якога Ян – хлопчык стаяў,
І з матуляю песні спяваў
І панесліся песні ў свет:
Нарадзіўся Купала – Паэт.

***

Ачысці нас, прарок Ілля,
Сваёй грымотнай навальніцай,
Тваёй бліскучай калясніцы
Няхай паклоніцца Зямля,
Каб адурманены народ
Не забываў сваіх прарокаў,
Пагібельных збаўляўся крокаў,
Грахоў, набытых за сто год
Таго дваццатага стагоддзя,
Што адцуралася ад Бога,
Ад запаветаў, мудрых, строгіх, –
Сягоння ўспомніць іх не шкодзіць…
Прэс-служба МАА СПБ