У гонар класіка
85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, якое шырока адзначалася ў Беларусі, прысвяцілі літаратурную сустрэчу-ўспамін “Нельга забыць” і ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры. Падрыхтавала і правяла яе, разам з дырэктарам цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Ірынай Зянько, кіраўнік аб’яднання Валянціна Гіруць-Русакевіч.
Напачатку сустрэчы “вяшчункі” прадраклі яму хоць і цяжкі, але ж самы слаўны і самы вялікі лёс, і запалілі свечку, якая стаяла на журнальным століку побач з кнігай пра яго “Быў. Ёсць. Буду”. Вершы і ўспаміны слаўнага творцы, яго залацінкі мудрасці гучалі ў выкананні дзевяцікласнікаў СШ 2 г.Валожына Андрэя Лебедзя, Мілены Квяткоўскай, Кацярыны Леўчык, Яўгена Макея, навучэнца Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя Аляксея Пінчука, удзельнікаў “Руні” Аляксандра Кулака і Дзмітрыя Завацкага. Падчас мерапрыемства адбылася і прэм’ера песні “Дай жа, Божанька…” на словы В.Гіруць-Русакевіч, якую акапэльна выканала Вольга Дзядуль. Вольна і прыгожа лілася песня, поўная любові да роднага Беларускага краю, які так шчыра, так самааддана любіў рацар і слуга Беларусі Уладзімір Караткевіч, чыё імя паўтарае сёння і Беларусь, і свет.
Вучні старэйшых і сярэдніх класаў СШ№2 і гімназіі №1 г.Валожына, для якіх і ладзілася сустрэча-ўспамін, змаглі далучыцца хаця б да крупінкі яго такой шматграннай творчасці, яскравей адчуць, якую велічыню ў літаратурным і чалавечым сэнсе нарадзіла наша зямля.
В. Гіруць-Русакевіч