У гасцях у Францыска Скарыны. Саюз пісьменнікаў Беларусі запрашае на фестываль дзіцячай кнігі

У гасцях у Францыска Скарыны

Саюз пісьменнікаў Беларусі запрашае на фестываль дзіцячай кнігі

      10 верасня 2022 года падчас святкавання Дня горада Мінска ў Парку пісьменнікаўля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі пройдзе фестываль дзіцячай кнігі пад назвай “У гасцях у Францыска Скарыны”. Фестываль распачне сваю работу а 12 гадзіне у рамках народнага гуляння, арганізаванага Першамайскім райвыканкамам г. Мінска.
      Сімвалічна і тое, што сёлета адзначаецца 505-годдзе з моманту выдання нашым земляком-першадрукаром першай кнігі ў гісторыі беларускага і усходнеславянскага кнігавыдання. А таксама і тое, што ў гэтым месцызнаходзіцца адзін з выбітных помнікаў Францыску Скарыне.
      Мерапрыемства стане своеасаблівым аглядам творчых сіл Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія задзейнічаны ў стварэнні кніг для юнага чытача. Менавіта гэты жанр сучаснай літаратуры развіваецца найбольш дынамічна, з
выкарыстаннем навацый у далучэнні шырокай аудыторыі да чытання.
      Свае кніжныя здабыткі прадставяць дзіцячыя пісьменнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія пацвердзяць, што пісаць кнігі для дзяцей – гэта быць свайго рода чараўніком. Пісьменнікі абяцаюць запрасіць на фестываль і сяброў ілюстратараў, дызайнераў, дзякуючы якім кнігі ажываюць, становяцца прывабнымі, забаўляльнымі.
      На галоўнай пляцоўцы свята, а 13 гадзіне, разгорнецца дзеянне па матывах кнігі творчага калектыва Ева НЭММ, калі героі з дапамогай чароўнага куфэрка аказаліся ў друкарні ХVI стагоддзя . Першадрукару было надзвычай цікава даведацца ці прадоўжылася яго справа. Ён непамерна ўзрадаваўся, што праз стагоддзі кнігі сталі светачамі і зараз чалавецтва мае бясцэнны духоўны скарб. Знаёміць Францыска Скарыну, а яго ролю выканае знакаміты сучасны творца Міхась Пазнякоў, з сучаснымі кніжнымі набыткамі будуць юныя ўдзельнікі Тэатра паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ.

      У арганізацыі фестывалю актыўны ўдзел прымуць дзіцячыя бібліятэкі г. Мінска. Бібліятэкары распрацавалі літаратурна-пазнавальны квэст, у ходзе якога ўдзельнікі будуць праходзіць ад прыпынка да прыпынка, накіроўваючыся да фінішу. На кожным прыпынку- літаратурным, моўным, краязнаўчым, эрудытаў, хуткамовак — яны атрымаюць літару, што дазволіць пазней скласці слова. Кожны з прыпынкаў таксама будзе мець сваю адметнасць. Удзельнікаў чакаюць займальная віктарына “Скрозь шолах старонак” , “Рамонкавая палянка пажаданняў”, “Палянка малявашак”, “Лабірынты ведаў”.

      Да фестывалю дзіцячай кнігі далучацца выдавецтвы “Мастацкая літаратура”, “Беларусь”, “Народная асвета”, Выдавецкі дом “Звязда”, з якімі шчыльна супрацоўнічаюць пісьменнікі СПБ, і дзе выходзяць найбольш знакавыя ў нашай краіне выданні для дзяцей. Адметнасць фестывалю і ў тым, што тут можна будзе набыць кнігі з аўтографам аўтара.
      Арганізатары свята гавораць пра важнасць сямейнага чытання і таму запрашаюць да ўдзелу ў фестывалі бацькоў з дзецьмі. Фестываль дзіцячай кнігі “У гасцях у Францыска Скарыны” прызначаны паказаць, якая чытаючая наша сталіца. А той, хто сябруе з кнігай расце
сапраўдным грамадзянінам.
Секцыя дзіцячай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі