Творчая сустрэча з Фёдарам Гурыновічам
22 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў межах цыкла “Літаратурны Алімп Беларусі” адбыўся творчы вечар “Зямля бацькоў – мая зямля” пісьменніка і журналіста з Салігорска Фёдара Гурыновіча.
Фёдар Гурыновіч – шматгранны і цікавы аўтар, грамадзянін і патрыёт сваёй краіны. Лейтматыў яго творчасці – любоў да Радзімы. Ён апавядае пра наш хуткаплынны час, пра жыццё і сучаснікаў, пра салігорскіх гарнякоў і паляўнічых. Душэўнай цеплынёй і шчырасцю прасякнуты яго радкі пра каханне, з любоўю і павагай піша пра жанчыну – маці, каханую, бабулю.
Фёдар Фёдаравіч – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра за кнігу вершаў “Птушыная азбука” (1998), Нацыянальнай літаратурнай прэміі за кнігу “Паляўнічая паэма” (2024). Некаторыя яго вершы ўвайшлі ў падручнікі па беларускай мове і літаратуры для малодшых класаў. З’яўляецца ганаровым грамадзянінам горада Салігорска, заслужаным ветэранам ААТ “Беларуськалій”. Ён аўтар гімна шахцёраў ААТ “Беларуськалій” і марша футбольнага клуба “Шахцёр”.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, дзіцячы пісьменнік і публіцыст Алена Стэльмах, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч, журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч, загадчыца аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Юлія Саенка, паэт, чытальнік вершаў Мікалай Хітроў і сам пісьменнік.
Падчас вечарыны прагучалі запісы музычных кампазіцый на словы Фёдара Фёдаравіча. Аўтар шчыра падзяліўся жыццёвымі гісторыямі, творчымі адкрыццямі і адказаў на пытанні прысутных. Не пакінулі абыякавымі прысутных паэтычныя радкі, прасякнутыя цеплынёй, дабром, пяшчотай, шчырасцю і абаяльнасцю, праўдзівасцю пачуццяў, удзячнай любоўю да ўсяго, дараванага лёсам.
Для ўдзельнікаў з фонду бібліятэкі была падрыхтавана выстаўка-прагляд твораў і публікацый Фёдара Гурыновіча, на творчым рахунку якога больш за 30 кніг паэзіі і прозы, а таксама кнігі для дзяцей.
Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі