Таццяна Мушынская

Мушынская Таццяна Міхайлаўна

Нарадзілася 26 чэрвеня 1958 года ў Мінску. Школу скончыла з залатым медалём. У 1975 годзе паступіла на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння працавала ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». З 1991 года — рэдактар аддзела музыкі часопіса «Мастацтва». Стыпендыят Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2008). Лаўрэат нацыянальнай музычнай прэміі ў намінацыі «Лепшы журналіст (музычны крытык)» (2013).

Друкавацца пачала ў 1975 годзе ў маладзёжных газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена». У 1976 часопіс «ЛіМ» надрукаваў першую балетную рэцэнзію. Супрацоўнічала з рознымі выданнямі. Затым пачала пісаць для дзяцей невялічкія аповеды, казкі і вершы. Для юных чытачоў выйшлі кнігі «Віця Неслух у краіне мурашоў» (1995), «Свята печанай бульбы» (2003), «Калі тата — Дзед Мароз» (2000), «Вожыкі ў футбол гуляюць» (2008), «Мак таўклі камары» (2017). Творы адлюстроўваюць дзіцячы гульні і захапленні, пейзажныя замалёўкі розных пор года, прасякнуты радасцю, гумарам і трапнымі назіраннямі.

Першая аповесць для дарослых «Доўгае развітанне», прысвечаная жыццю сучаснай творчай інтэлігенцыі, была надрукавана ў 1997 годзе ў «Бібліятэцы часопіса “Маладосць”». Аўтар кніг прозы «Доўгае развітанне» (1997), «Джульета і экстрасэнс» (2013), «Сад маіх успамінаў» (2015), «Дыханне ранняй восені» (2018); зборнікаў вершаў «Я вандрую ў стагоддзях» (1998), «Сны кахання» (2006) і інш. Выдала пяць кніг, прысвечаных беларускаму балету.

На вершы пісьменніцы напісана больш за 200 музычных твораў прафесійнымі кампазітарамі.