Талент, замацаваны гадамі

Нядаўна грамадскасць Расіі адзначыла 80-годдзе з дня нараджэння вядомага артыста, таленавітага аўтара і выканаўцы песень Уладзіміра Высоцкага. Паводле нядаўняга апытання грамадскай думкі, прозвішча гэтай творчай асобы па папулярнасці займае другое месца пасля Юрыя Гагарына. Людзі старэйшага пакалення (памёр Уладзімір Сямёнавіч у 1980 годзе) добра памятаюць яго выступленні ў тэатры, ролі ў кінафільмах, незабыўныя канцэрты.

Неаднаразова бываў творца і ў Беларусі. Нарадзіўся У. Высоцкі ў Маскве, але яго род паходзіць з Пружаншчыны, дзед – з Брэста, а на недалёкай ад Узды Навагрудчыне ён не раз удзельнічаў у кіназдымках, адпачываў. Таму шмат прыхільнікаў яго таленту і на беларускай зямлі. Гэта пацвердзіла і творчая сустрэча, што адбылася нядаўна ў сценах Уздзенскага ліцэя.

Арганізавала і правяла вечарыну бібліятэкар навучальнай установы, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Зоя Калкоўская. Да гэтай падзеі была арганізавана выстаўка кніг, перыядычных выданняў, якая пазнаёміла старшакурснікаў з творчасцю, няпростым жыццёвым шляхам Высоцкага.

А больш падрабязна расказалі пра гэта навучэнцы Дзіяна Альховік і Вікторыя Клімовіч. Дапамаглі зразумець шматгранную натуру творцы і відэазапісы з удзелам акцёра, барда – былі паказаны ўрыўкі са спектакля “Гамлет”, кінафільма “Месца сустрэчы змяніць нельга”, песні ў аўтарскім выкананні.

…Гучалі і вершы паэта. Пранікнёна выканалі іх Таццяна Клімовіч, Кацярына Круглова і Лідзія Піліпчук. Уважліва слухалі навучэнцы і выкладчыкі ліцэя і паэта, кіраўніка раённага літаб’яднання “Нёманец” Віктара Сабалеўскага. Са студэнцкіх гадоў захапляецца ён творчасцю Высоцкага, да аднаго з папярэдніх юбілеяў творцы падрыхтаваў пераклад на беларускую мову звыш дваццаці яго вершаў, песень. Слухачы маглі параўнаць арыгіналы і іх беларускамоўныя варыянты.

Напрыканцы сустрэчы навучэнцы прынялі ўдзел у віктарыне, у ходзе якой замацавалі атрыманыя ў ходзе мерапрыемства звесткі пра жыццё і творчасць віноўніка ўрачыстасці. Найбольш трывалыя веды прадэманстравалі Павел Казючыц, Лідзія Піліпчук, Дзмітрый Загавалка.

…У творчай спадчыне У. Высоцкага звыш 850 песень і вершаў, дзясяткі роляў у спектаклях і фільмах, сотні канцэртаў. Пры жыцці ён карыстаўся неймавернай славай у народзе, нягледзячы на тое, што афіцыйнае прызнанне (першы выдадзены зборнік вершаў, званне заслужанага артыста Расіі, Дзяржаўная прэмія СССР за галоўную ролю ў фільме) атрымаў толькі пасля смерці. Але і праз некалькі пакаленняў створаныя ім вобразы, песні, манера іх выканання знаходзяць сваіх прыхільнікаў.