Саюз музыкі і літаратуры

 11 лістапада ў Маладзечанскім музычным каледжы імя М. К. Агінскага адбылася сустрэча з маладымі беларускімі паэтамі і перакладчыкамі, членамі СП Беларусі Рагнедам Малахоўскім і Аксанай Ярашонак.

vA8Z-sjQF4I

У рамках мерапрыемства, падрыхтаванага выкладчыцамі каледжа Аленай Біруковай і Інай Русак, госці чыталі ўласныя  вершы на розныя тэмы, расказвалі пра сябе і свае захапленні, адказвалі на пытанні гледачоў.

Літаратары прызналіся ў цёплых пачуццях да Маладзечна: для Аксаны – гэта, увогуле, родны горад, а для Рагнеда – месца, звязанае з яго першым каханнем і выступленнямі ў Маладзечанскім палацы культуры.

Гледачы-студэнты – таксама людзі творчыя – парадавалі гасцей цікавымі музычнымі сюрпрызамі: імпрэза была аздоблена музыкай у выкананні духавога квартэта, а студэнты харавога аддзялення выканалі песні, напісаныя на вершы Аксаны Ярашонак і Рагнеда Малахоўскага.

Карыстаючыся музычнай тэрміналогіяй, хочацца сказаць, што сустрэча прайшла ў мажорным ладзе і падарыла шмат станоўчых эмоцый гасцям, гледачам і арганізатарам.

Аксана Камінская