Сабрала “Славянская ліра”

З 30 мая па 2 чэрвеня на базе сталічнага Дома Масквы праходзіў пяты Міжнародны літаратурны форум “Славянская ліра-2018”. Звыш трохсот аўтараў, якія пішуць на рускай мове, перакладваюць з любой мовы на рускую ці з рускай на любую, з дванаццаці краін на працягу некалькіх месяцаў дасылалі свае творы, якія разглядаліся членамі аўтарытэтнага журы. Далучыліся да гэтай справы і жыхары Мінскай вобласці – творчую актыўнасць праявілі паэты, празаікі з Салігорска, Барысава, Узды, у тым ліку і члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Да фіналу былі дапушчаны 116 творцаў з Беларусі і Расіі, Украіны і Малдовы, Чэхіі і Ізраіля, Кітая і Канады. Вершы старшыні Мінскага абласнога аддзялення пісьменніцкай арганізацыі Святланы Быкавай трапілі ў лік паўфіналістаў у намінацыі “Паэзія. Пейзажная лірыка”. А вось пераклады на беларускую мову твораў У. Высоцкага уздзенскага паэта Віктара Сабалеўскага занялі сваё месца сярод адзінаццаці фіналістаў у намінацыі “Мастацкі пераклад”.

Насычанай для ўдзельнікаў, ганаровых гасцей, членаў журы была праграма літаратурнага форума. Праходзілі асобныя конкурсы сярод фіналістаў на прыз глядацкіх сімпатый у намінацыях “Паэзія. Пейзажная лірыка”, “Паэзія. Свабодная тэматыка”, “Мастацкі пераклад”, “Малая проза” і “Драматургія”. Тут ацэнку творам, дэкламатарскаму майстэрству давалі гледачы. Ва ўніверсітэцкім дворыку, каля помнікаў Ф.Скарыне і Е.Полацкай прайшла адкрытая паэтычная пляцоўка “Мой родны край, старонка дарагая…” (прысвечаная Году малой радзімы), у Мінскай абласной бібліятэцы – “круглы стол” з удзелам маладых аўтараў, у Доме Масквы — бліц-турнір паэтаў, а таксама творчыя вечары, майстар-класы вядомых літаратараў, членаў журы. Вядома ж, шмат карысці было і ад нефармальных сустрэч, пад час якіх завязваліся новыя знаёмствы, абмяркоўваліся творчыя здабыткі, паэты і празаікі з розных куткоў планеты дзяліліся сваімі кнігамі і планамі. Для гасцей ладзіліся экскурсіі па сталіцы, на мемарыяльны комплекс “Хатынь”. А найбольш запамінальным стала цырымонія ўрачыстага закрыцця форуму з уручэннем узнагарод пераможцам і святочным канцэртам.

На здымку: фіналіст “Славянскай ліры” Віктар Сабалеўскі

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.