Рыхтуецца да друку “Беларуссю зачараваны”

Так называецца творчы праект, у якім аўтарскі ўдзел прымаюць намеснік старшыні камісіі Палаты Прадстаўнікоў нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Цыдзік і члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч, Віктар Кажура, Ірына Карнаухава, Людміла Круглік, Рагнед Малахоўскі, Галіна Мароз, Галіна Нупрэйчык, Рэгіна Рэўтовіч, Віктар Сабалеўскі, Алена Стэльмах, Валерый Хіхіч, Уладзімір Цанунін, а таксама наступныя паэты Міншчыны: Валянціна Анкудзінава, Бажэна Ганушкіна,  Зінаіда Гасціловіч, Вера Лукашэвіч, Мікалай Марын, Алена Радкевіч, Генрых Тарасевіч, Марына Шапавалава, Анатоль Шкода.

Уладзіслаў Цыдзік – вялікі прыхільнік роднай прыроды. Адна з яго адукацый непасрэдна звязана з сельскай гаспадаркай. Як ён кажа, цікавасць да агранаміі меў таму, што дзяцінства прайшло ў вёсцы, з якой звязана і сялянская праца, і захапленне роднымі краявідамі. І зараз цешаць сэрца ўспаміны пра краскі ў матуліным кветніку…

Калі стаў дарослым і работа ў сістэме Дзяржкантролю рэспублікі была непасрэдна звязана з камандзіроўкамі, у паездкі браў фотаапарат, першыя здымкі на якім зрабіў яшчэ ў школе. Уладзіслаў Станіслававіч успамінае выпадак, калі выручыў аднавяскоўца нават са здымкам на пашпарт.

Часам у аб’ектыў фотаапарата траплялі кадры безгаспадарлівасці. Яны таксама станавіліся дзейсным сродкам у выпраўленні сітуацыі. Але былі і такія ўзоры ўпарадкаванасці, прыгажосці, што нявольна хацелася захаваць іх на добры ўспамін. Надзейным памочнікам у такія моманты станавіўся фотаапарат. Так адзін да аднаго далучаліся здымкі, якія ў асабістым архіве Уладзіслава Цыдзіка выклікалі ўздым эмоцый, услаўлялі Беларусь – краіну, здольную здзіўляць. Год таму аформіў фотавыставу, якая з поспехам дэмаструецца ў розных установах, культурных цэнтрах Беларусі. Уладзіслаў Станіслававіч упэўнены: прыгожае расквечвае жыццё новымі фарбамі.

Зараз настаў той час, калі багатая калекцыя здымкаў фотааматара ператвараецца ў фотаальбом. З просьбай аздобіць свае творы Уладзіслаў Станіслававіч звярнуўся да паэтаў Міншчыны. Майстры мастацкага слова на творчую прапанову ахвотна адгукнуліся ўзнёслымі радкамі сваіх вершаў.

Альбом мае некалькі раздзелаў. Пачынаецца падарожжа па сцяжынках Радзімы з яе адпраўной кропкі – плошчы Незалежнасці. Разам з Уладзіславам Цыдзікам выказвае сваё захапленне Рэгіна Рэўтовіч:

Мінск – беларуская сталіца!

Палацаў веліч, плошчаў шыр!

Ну, як табой не ганарыцца?!

Няхай цябе шануе мір!

Далей на старонках альбома поры года змяняюць адну другую. Уладзіслаў Цыдзік любіць спыняць позірк  на карцінах прыроды, якія сучаснаму чалавеку ў гэты звышімклівы век часам проста недаступныя. Ён захапляецца весялосцю сціплых першацветаў, дыханнем узаранага поля, бляскам азёрнай хвалі… І паэтычная душа падхоплівае гэты настрой. Віктар Кажура шчыры ў сваіх пачуццях:

Сонца чыстае ў блакіце…

Бераг… Травы… І – спакой

Рэчка весела бруіцца…

Бачу я цябе такой,

Беларусь, мая заранка,

Казка дзіўная мая!

Тут празрыстым светлым ранкам

Будзіць пошчык салаўя…

Ёсць і кадры, напоўненыя глыбокім філасофскім зместам. На роздум наводзіць дрэва, якое перажыло на вяку нямала выпрабаванняў і схілілася пад іх цяжарам над люстрам ляснога возера. Але дзякуючы моцы сваіх каранёў, паказае прыклад пераадольвання любых цяжкасцей. У падтрымку яму — верш Бажэны Ганушкінай:

У люстры азёрным адбітак –

Ссівелая мудрасць жыцця

Запісвае вечнасці ў сшытак

Сакрэты яднання-зліцця.

Такой жа бяздоннай крыніцай для асэнсавання жыцця пільны назіральнік бачыць і неба, дзе часам супрацьборствуюць сілы цемры і свету. На чыім баку будзе перамога – адказ у жыццесцвярджальных радках Валянціны Гіруць-Русакевіч:

Вайна аблокаў з сонцам – да крыві…

Якая толькі сіла іх звязала так?

Жывіце, воблачкі, ты сонейка жыві,

Хай вецер зло прагоніць з Неба-хаты!

Нацыянальныя традыцыі беларусаў, прыцягальная сіла бацькаўшчыны, вялікая духоўная спадчына – усім гэтым чаруе Беларусь, усё гэта робіць яе непаўторнай і адзінай у свеце. Беларускія матывы, якімі прасякнуты здымкі Уладзіслава Цыдзіка, падхопліваюць многія аўтары, у ліку якіх і Віктар Сабалеўскі:

Ён увабраў пяшчоту кветак,

Зачараваў іх прыгажосцю.

Квітней, мой край, зімой і летам,

Няхай усе табе зайздросцяць!

Альбом “Беларуссю зачараваны” на дзіва гарманічны ў адзінстве душэўнага настрою аўтара здымкаў і аматараў мастацкага слова. Спадзяёмся, што гэта захапленне раздзеляць усе, хто будзе мець магчымасць пазнаёміцца з выданнем, якое ў хуткім часе пабачыць свет у Выдавецкім Доме “Звязда”.

Алена Стэльмах

 1

І там, дзе ў лесе ёсць прарэха,

І недзе ў  самым гушчары,

Блукае стомленае рэха,

З тае ваеннае пары…

Алена Стэльмах

 

2Такі вось мох у гэтым вецці

Расце з часоў ледавіка,

Мой аб’ектыў яго прыкмеціў,

Як капялюш лесавіка.

Уладзімір Цанунін

3Глядзіцца лес, сышоўшы на ўзбярэжжа,

У плынь зачараванае ракі,

І слухае прыціхлае бязмежжа

Ціхуткі шолах вострай асакі.

Рэгіна Рэўтовіч

 

 

4Сівыя сведкі даўніны

Зрабілі б погляды другімі,

Каб расказалі валуны

Пра ўсё пабачанае імі.

Валерый Хіхіч

 

 

 

5Ляглі раўнюткія як стрэлы

Зямлі дарожкі-каляіны,

Каб жнівень коласам паспелым

Багатым стаўся для краіны.

Віктар Кажура

 

 

6Карункамі павеек-аканіц

Прыветна запрашаюць вочы хат

Туды, дзе свет драўляных таямніц

Ствараць нас кліча велічны варштат.

Бажэна Ганушкіна

7Не только атланты на крепких руках

Опорой являются крышам.

Вы гляньте на чудо! – То лес на грибах

Стволы поднимает повыше.

Ирина Карнаухова